Беларусь рыхтуе Айвана да «Еўрабачання-2016»



Беларусь рыхтуе свайго прадстаўніка на конкурс «Еўрабачанне – 2016» – займаецца гэтым нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія. Сёлетні нацыянальны адбор ізноў не абыйшоўся без скандалу.

90577080

Перамог гамяльчук Аляксандр Іваноў (сцэнічнае імя Айван), раскруткай якога займаецца расейскі прадзюсар Віктар Дробыш. А сам музыка краіну называе не Беларусь, а на расейскі манер “Беларусія”.

Таксама гучалі ў інтэрнэце абвінавачванні, што глядацкае галасаванне накручанае. Сёлета телерадыёкампанія выкарыстоўвала новую форму адбору – толькі галасаванне гледачоў праз СМС. “На каментары ў фальсіфікацыях стараемся не рэагаваць – гэта конкурс: заўсёды ёсць тыя, хто перамог і хто прайграў,” – каментуе кіраўнік прэсавай службы тэлерадыёкампаніі Святлана СмалонскаяКраскоўская:

– У нас былі розныя спосабы вызначэння пераможцы. Мы лічым, што галасаванне гледачоў – найбольш празрыстая форма для вызначэння годнага прадстаўніка Беларусі. Што тычыцца розных выказванняў, зразумела, што нацыянальны адбор – гэта 10-15 фіналістаў, пуцёўка толькі адна. Таму, зразумела, могуць быць пакрыўджаныя, якія так ці інакш выказваюць сваю незадаволенасць і прэтэнзіі.

Журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Сяргей Маліноўскі, які піша на свецкія тэмы, прыгадвае, што нацыянальны адбор на „Еўрабачанне” ў Беларусі амаль заўсёды суправаджаецца скандаламі:

– Гэта абсалютна нармальна, што ўзнікаюць сканлдалы. Я лічу, што сумленнага празрыстага галасавання ў гэтым годзе не было. Хоць заяўлена яно было як глядацкае.

Сёлета міжнародны конкурс „Еўрабачанне” пройдзе ў сталіцы Швецыі. Фінал шоў на тэлебачанні пакажуць 14 траўня. Беларусь там прадставіць гамяльчук Аляксандр Іваноў, які сваю творчую кар’еру робіць у Расеі.

Улад Гранеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА