Алесь Клышка – айцец Іаан: дыялогі з… магнітагузіка



Выйшла ў свет новая кніга “Званіца” сяброў-літаратараў – манаха Іаана, у свеце вядомага паэта ды філосафа Алега Бембеля, і паэта Алеся Клышкі.

IMG_0834Гэтым разам гэта занатаваныя цягам двух год тэлефонныя экспрэс-інтэв’ю пра лёс Беларусі ў сучасным свеце, палітыцы, літаратуры.

РР: “Званіца” зроблена ў неажанры, які вы з айцом Іаанам вызначылі як “дыялогі: нечаканыя пытанні і хуткія адказы-разважанні ў тэлефонным эфіры”. Думаю, што, прынамсі, Святлана Алекксіевіч, калі не пазайздросціць, дык успрыме як развіццё яе творчай методы…

IMG_0132

АЛЕСЬ: Мо й так. Ідэя, што паклалася на паперу, узнікла 2 гады таму ў айца Іаана. У ягоныя “далёка за 70” было цяжка выходзіць за манастырскія муры, каб сумовіцца са знаёмцамі ды сябрамі, проста з людзьмі. А вымушанае абмежаванне ў інфармацыі ў людзей, што жывуць у кляштары, падштурхоўвала яго час ад часу даваць мне званочак – “Алесь, як ты ставішся да таго ці іншага пытання?” І ў адзін прыгожы момант дыялогу сказаў – “націсні “гузік”, як ён заве магнітафон, і занатуй гэту “гавэнду” для гісторыі”!  Так, напачатку з жартам, і пачалі запісваць наша сумоўе. Запісаў набралася багата за гэты час – у кніжку патрапіла мо менш за палову.

РР: У яе магла быць і іншая назва – “Дыялогі з магнітагузіка”?

АЛЕСЬ: Так! Але вырашылі знітаваць сугучныя словы “званок” і “званіца”. Дайце веры – каб толькі пустазвонствам не атрымалася! Ці трызненнем аднаго дылетанта – не палітыка, сацыёлага ды эканаміста – і “прасунутага” манаха, што вылучае пытанні, якія не павінны б яго турбаваць. Гэта было ўзаемаасветніцтва…

РР:  Але вы вырашылі яго вывесці на шырокую публіку яшчэ і таму, што атрымаўся “погляд з Менску” – на грамадска-палітычныя ды духоўныя праблемы, што, увогуле, хвалююць чалавецтва.

АЛЕСЬ: У наш кампутарны век мы ўсё болей жывём паасобку. Камунікацый бракуе, усё менш неабходнасці жыўцом падзяліцца з некім сваімі думкамі. Націснуў клавішу і… А тут, прыкладам, зранку раздаецца званок з Жыровіцаў – “Алесь, уключай гузік! Пытанне – як ты ставішся, што Святлане Алексіевіч далі Нобеля?! А я толькі напісаў:

…у войнаў цынкавы – і не жаночы твар…

А твой – заўжды – прад Богачалавекам –

Праменіць сапраўды Нябёсны дар

Любоў Хрыстовую = адгэтуль і…давеку…

І гэтыя вершы, развагі таксама ўвайшлі ў кніжачку. Як, дарэчы, таксама і некаторыя інтэрв’ю, што мы давалі вашаму радыё ды „Радыё Свабода”. Мы закранулі ўнутраную ды знешнюю палітыку краіны, тэмы беларускай духоўнасці, гісторыі, захавання нацыянальнай спадчыны, занядбанасці мовы.  Між іншым, у айца Іаана на ўсіх выдадзеных у свеце ягоных кнігах, як Алега Бембеля, бел-чырвона-белая афарбоўка. Ці проста на выяве Хрыста той самы дарагі сэрцу сцяжок…

Bembel

Папярэднія выданні айца Іаана-Алеся Клышкі – “Жыровіцкія камяні” (2006 ), “Шлях да Жыровічаў” (2007 ),   “Жыровіцкая пастараль” (2012 ) – былі прысвечаныя тэме духоўнага Адраджэння Бацькаўшчыны.

IMG_0836

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара