Вайцюшкевічу забаранілі канцэрт на дзень народзінаў Барадуліна



Канцэрт Вайцюшкевіча меў адбыцца 24 лютага ў менскім клубе «Лісіная нара», але Менгарвыканкам адмовіў у выдачы гастрольнага пасведчання.

«У нас прынялі заяву на гастрольнае пасведчанне ды папрасілі прадставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца. Я даслаў вершы Ўладзімера Маякоўскага і Рыгора Барадуліна, на якія былі запісаныя мае альбомы. Менавіта Барадуліну меркавалася прысьвяціць гэты выступ, таму і абралі 24 лютага, дзень яго нараджэння, 24 лютага. Тыдзень у ідэалагічным аддзеле вычытвалі гэтыя тэксты, а потым адмовілі ў правядзенні,» – распавёў парталу Tuzin.fm Зміцер Вайцюшкевіч.

Ва ўпраўленні ідэалагічнай працы Менгарвыканкаму патлумачылі, што рашэнне аб нявыдачы гастрольнага пасведчання было выдадзена ў адпаведнасці з пунктам 16 указу кіраўніка дзяржавы №257. У ім пералічаныя наступныя прычыны: выяўленыя экспэртнай камісіяй элемэнты прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, супадзенне часу і месца правядзення мерапрыемства з мерапрыемствам, раней запланаваным арганізатарам, наяўнасць у пададзеных дакумэнтах непраўдзівых звестак, а таксама прычыну, якую можна трактаваць як заўгодна – «парушэнне іншых патрабаванняў дадзенага палажэння ды іншых актаў заканадаўства». Больш дэтальна канкрэтызаваць прычыну адмовы ў Менгарвыканкаме адмовіліся.

Арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча быў Леанід Дзінэрштэйн. «Я люблю тое, што робіць Зміцер. І ён робіць можа быць больш за астатніх. Гэта чыстае мастацтва, і я не бачу, што ад яго сыходзіць агрэсія, накіраваная супраць дзяржавы. Таму ад такога рашэньня шкоды той жа дзяржаве больш, чым карысьці. Лічу яго абсалютнай глупасцю», – заявіў прамоўтэр. Ён таксама паведаміў, што празь некаторы час збіраецца паўторна падаць заяву.

На гэтым тыдні на атрыманне гастрольнага пасведчання падае таксама гурт Cяргея Міхалка Brutto.

Праграма «Паравоз кахання» на вершы Рыгора Барадуліна, якую Змітру Вайцюшкевічу забараніў выконваць ідэалягічны адзьдзел Менгарвыканкаму.