Ганна Лутава: Я спяваю песні маіх бабуль з Полаччыны



Карані спявачкі Ганны Лутавай на Полаччыне. Тут яна нарадзілася, тут набывала адукацыю – спачатку ў школе, затым ва ўніверсітэце. Пераломным у яе жыцці стала знаёмства з вядомай фальклярысткай Вольгай Емяльянчык, якая навучыла яе спяваць і ўзяла ў свой фальклорны гурт «Варган». Алесь Аркуш пагутарыў са спявачкай пра яе музычнае захапленне:

– Справа ў тым, што я не дужа гарадская. Я на вёсцы амаль што нарадзілася. Вырасла ў бабулі і дзядулі пад крылом. Таму я ведаю, што такое вёска, і ведаю, што гэта ўсё маё, гэта ўсё мне блізкае. У горад я, так бы мовіць, штучна перавезеная, але душа мая заўсёды была на вёсцы. Мая стрыечная бабуля вельмі хораша спявае. Запісвалі ад яе песні. У мяне таксама ёсць сольны запіс яе песні, я выконвала яе раманс. Не ведаю, можа ў мяне ад яе гэтыя гены.

DSC00230

РР: А бабуля спявала менавіта беларускія песні? Ці розныя?

– Розныя. Але калі я да яе прыйшла нібыта ў экспедыцыю на запіс, то яна згадала нават старажытныя, архаічныя песні – і абрадавыя, і лірычныя, і рамансныя. Розныя. Нават і мужчынскія песні.

РР: А як яна тлумачыла, адкуль ведае? Яна ведае ад сваёй бабулі?

– Так. „Маці мая спявала, бабуля спявала. Вось мы хадзілі на хрэсьбіны, так вось бабы спявалі. Вось мы хадзілі на Купалле. Такія песні мы спявалі на Купаллі. А гэта яшчэ мая маці спявала, а гэта мая бабуля.” Вось такім чынам. Таму, не ведаю, можа ў мяне ейныя гены, ці яшчэ якія. Таму што да “Варгану” я не спявала ўвогуле. Музычнай адукацыі ў мяне няма ніякай. Адзінае, што вучылася на гістарычным факультэце, і захапленне гісторыяй, этнаграфіяй, гісторыяй свайго краю, яно, канешне, адбілася, і таму я прыйшла ў “Варган”.

РР: Відаць можна сказаць, што кіраўніца “Варгана” Вольга Емяльянчык стала тваёй хроснай маці ў справе песні, у справе фальклору.

– Так, так. У справе песні – менавіта яна. Бо яна паставіла мне голас, навучыла здабываць гук, не проста крычаць, а спяваць. І ў народнай манеры, і не толькі ў народнай. Бо да яе што там я спявала, у прынцыпе як усе – макісмум у душы. І ўсё. Таму яна тут менавіта хросная маці.

DSC02132

РР: А якія песні табе найбольш блізкія? Якія-небудзь архаічныя? Ці ўсё ж асучаснены фальклор?

– Гледзячы што мець на ўвазе пад асучасненым фальклорам. Канешне, як любая дзяўчына я люблю абрадавыя песні, таму што яны падстроены менавіта пад жаночы голас. Іх вельмі лёгка спяваць. Яны спяваюцца на высокіх танах. Вельмі высока, вельмі хораша. Але я люблю лірыку, калі ёсць з кім спяваць. Калі ёсць мужчынскі добры “падмурак”. А таксама ляжыць у мяне душа да рамансаў. Гэта ўжо больш да Расеі традыцыя. Гэта зноў-такі ад маёй бабулі. Яна спявае проста шыкоўныя рамансы. Прычым там ёсць тэкст, які можна літаральна ў інтэрнэце знайсці, але ў яго ўплятаюцца вельмі архаічныя кавалкі беларускіх песняў. Такая вельмі цікавая з’ява. Таксама апошнім часам я вельм зацікавілася рознымі прыпевачкамі. Я збіраю іх па вёсках, па бабулях, па экспедыцыях, і ў сваіх бабуль таксама. Я іх ужо каля сотні ведаю. Гэта таксама мне вельмі падабаецца. А так, сказаць, што нешта любімае, ці не любімае… кожная абрадавая песня, ці кожная лірычная добрая па-свойму.

РР: А ці спрабавала ты сама калі-небудзь пісаць песні, бо я ведаю, ты і вершы пішаш?

– Вершы пішу. Песні спрабавала, але можа таму, што я не маю музычнай адукацыі, у мяне крыху мозг не спрацоўвае, каб тэкст пакласці на нейкія ноты, на нейкую мелодыю. Не ведаю, можа калі-небудзь хтосьці зможа зрабіць з майго верша песню, то гэта было б, канешне, крута. Але ў самой пакуль не атрымліваецца. Рыфма мне паддаецца, але так зрабіць, каб яна яшчэ і распявалася прыгожа, я пакуль што не магу.

DSC02131

РР: А што з тваімі вершамі? Я чытаў іх толькі ў тваім Фэйсбуку. А ці друкавала ты іх дзе-небудзь – у газетах, часопісах?

– Не, пакуль што я нікуды іх не дасылала. Я проста да нядаўняга часу ўвогуле скептычна да іх адносілася. У маладосці пішуць усе. Таму я лічыла, што гэта штосьці такое для сябе. Потым мае сябры пачалі глядзець, чытаць і гавораць: не, давай ужо вынось, паказвай народу, можа камусьці спадабаецца. Але пакуль што я, напэўна, не саспела для таго, каб кудысьці гэта адправіць, у нейкі часопіс, ці яшчэ куды. Пакуль што мне страшнавата. Хаця ўжо такія людзі, накшталт Алеся Камоцкага, ці Міхася Башуры, ужо казалі, што крыху нешта атрымліваецца. Ужо можна пускаць у народ. Але ўсё ж пакуль баюся.

РР: Калі казаць пра планы, ёсць нейкія творчыя планы на 2016 год?

– Планы развівацца ва ўсіх творчых накірунках. Тое, што я, палачанка, нядаўна пераехала ў Менск, не азначае, што я пакінула Полацак. Я “Варган” не кінула і не збіраюся кідаць. Хочацца развівацца ў спеўным плане. Хочацца развівацца, канешне, у плане вершаў. Можа яшчэ штосьці ў сябе адкрыю. Я ніколі не грала на ніякіх музычных інструментах, зараз пачынаю вучыцца на губным гармоніку. Таму ў мяне на гэты год у плане дасканала вывучыць гэты інструмент. А так нейкіх вялікіх планаў я сабе не стаўлю. Бо планы, як вядома, могуць рушыцца. І часам ад нас не залежаць. Хаця праз гадзіну ў мяне можа з’явіцца нейкая шыкоўная ідэя. Таму я свае ідэі буду па кроплі збіраць. І буду імкнуцца іх рэалізоўваць.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара