Андрэй Пачобут: Пуцін стаў закладнікам сваёй прапаганды
Масавая падтрымка беларусамі Аляксандра Лукашэнкі – гэта ў рэальнасці міф. Так мяркуе вядомы журналіст Андрэй Пачобут. Аднак Лукашэнка – добры тактык, і ўмее выкарыстаць кожную сітуацыю на сваю карысць, таксама, як і канфлікт ва Украіне. Журналіст адказаў на некалькі пытанняў Яны Запольскай.
РР: У наступным, 2015 годзе, чарговыя прэзідэнцкія выбары. Ці можна сказаць, што Аляксандр Лукашэнка апынуўся ў складанай сітуацыі напярэдадні гэтых выбараў з увагі на падзеі, якія адбываюцца на ўсходзе Украіны?
– Я думаю іначай. Я думаю, што сітуацыя на ўсходзе Ўкраіны вельмі спрыяе Аляксандру Лукашэнку, ёсць для яго палёгкай. Мы маем сітуацыю, калі ў адной суседняй краіне ідзе вайна, а іншая суседняя краіна – Расея – знаходзіцца ў гэтым канфлікце, і мы маем Беларусь, якая захоўвае нейтралітэт, і якая хоча зарабляць на гэтым канфлікце. То там пастаўкі слаўных ужо беларускіх крэветак і доршаў, то там продаж Украіне транспарту, які патрэбны ёй для войска, то там супраца вайсковая з Расеяй. Карацей, вельмі шмат плюсаў Лукашэнка ад гэтага атрымаў. Акрамя таго, вось гэтае пашыраная думка «абы не было вайны».
РР: Адзін з міфаў можна сказаць…
– Так. Але я думаю, што гэта такое аўтэнтычнае перакананне значнай часткі беларускага грамадства, што не дай бог, каб было так, як ва Украіне цяпер.
РР: Аляксандр Лукашэнка пры гэтым такую міратворчую місію спрабуе несці. Прыгадаем, што 26-га жніўня ў Менску пройдзе сустрэча ў фармаце Украіна – Мытны саюз – Еўразвяз. Ці сапраўды Менск – гэта добрае месца для такой сустрэчы і для пошукаў мірнага дыялогу?
– Кожнае месца будзе добрае для дыялогу, каб спыніць канфлікт. І тут не будзе выключэннем Менск. Выбар паў на Менск, таму што ў Лукашэнкі атрымліваецца захаваць добры кантакт з абодвума бакамі канфлікту – і з Расеяй, і з Украінай. Таму было прынятае такое рашэнне. Я не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць нейкія інструменты, каб уплываць на гэты дыялог, у яго не бачна таксама нейкай прапановы, плана, які б пацягнуў за сабой нейкі пералом у сітуацыі. Думаю, на сённяшні момант немагчыма такі план запрапанаваць. Ёсць Расея – галоўны гулец у гэтай сітуацыі, і цяжка сказаць, як далёка гатовы пайсці Пуцін. Таму я не думаю, што ў Лукашэнкі тут вялікая роля, але палітычныя дывідэнты ён ад гэтага, безумоўна, атрымае даволі вялікія. Чалавек, які 18 гадоў быў байкатаваны захадам увогуле, цяпер аказаўся ў гэтай сітуацыі патрэбны, прынамсі, як пляцоўка, дзе адбудзецца дыялог. І гэта яму на карысць, безумоўна.
РР: Прагназаваць цяжка, але як мяркуеце: ці гэтыя перамовы ў Менску сапраўды паспрыяюць нейкаму мірнаму развязанню сітуацыі?
– Тое, што мы бачым на сённяшні момант – гэта эскалацыя канфлікту. Магчыма гэта перад перамовамі, таму што з той інфармацыі, якая ёсць, вынікае, што адбудзецца нават наўпроставы дыялог Пуціна і Парашэнкі. І калі тое, што адбываецца, разглядаць як псіхалагічную атаку, то магчымыя нейкія варыянты. Калі два бакі пагадзіліся сустракацца ў такім пашыраным коле, то магчыма, што нейкі плён будзе. Але не бачна, каб гэта паставіла кропку ў канфлікце. Думаю, менскія перамовы такой кропкі не паставяць.
РР: Але вы думаеце Пуцін баіцца ізаляцыі?
– Думаю, што Пуцін не хоча ізаляцыі Расеі. Тое, што сталася на Украіне, было выклікана перш за ўсё яго страхам перад тым, што вось гэты сцэнар – Майдан і гэтык далей – будзе здзейснены ў Расеі. І ўсе далейшыя яго дзеянні я разглядаю як прэвентыўныя, скіраваныя на тое, каб пэўную хвалю ў грамадстве скіраваць у іншы кірунак. І гэта яму ўдалося. Тут пытанне, а што далей? Настроі ў грамадстве – бачныя, і цяпер выйсці з паразай – гэта значыць пацярпець, гэта можа азначаць для яго пагрозу. Таму ён будзе гатовы вельмі далёка пайсці дзеля таго, каб выйсці пераможцам. Гэта не значыць, што падпарадкаваць Данбас сабе, але выйсці маральным пераможцам, перамагчы Украіну, для яго гэта істотнае і важнае. А на які кампраміс гатова і можа пайсці Украіна? Ім таксама няма куды адступаць, таму што частка тэрыторыі ўжо далучана да Расеі, і вось падзеі на ўсходзе. Карацей, сітуацыя вельмі-вельмі складаная. З аднаго боку, ёсць украінскае грамадства, з іншага – расейскае, якое таксама хоча перамогі. Я вось не так даўно сустракаўся са знакамітым расейскім пісьменнікам Віктарам Ерафеевым, які мне распавёў адну гісторыю, калі ён ехаў у таксоўцы ў Маскве, і таксоўшчык слухаў радыё, дзе гучала прапаганда. Ерафееў кажа, слухайце, дык гэта ўчорашні дзень, цяпер жа ўжо перамовы і гэтык далей, на што кіроўца здзіўлена – «Як, Пуцін будзе дамаўляцца з гэтымі фашыстамі? Я не разумею Пуціна». Вось гэты чалавек, гэта электарат Пуціна, які вельмі настроены на вайну, на перамогу, якому сказалі, што гэта фашысты, якія забіваюць расейцаў, усе гэтыя жахі, у тым ліку пра распятага хлопчыка і гэтык далей. Гэта ўсё таксама пэўны ўплыў мае. У значнай ступені расейскі бок стаў закладнікам гэтай прапаганды, таму што як цяпер сказаць, што ўкраінцы – гэта не фашысты? Ці што? Ці Як?
Андрэй Пачобут не верыць у тое, што Пуцін гатовы пайсці на сур’ёзныя саступкі, хоць не выключае, што менскія перамовы могуць прывесці да часовага змяншэння падтрымкі прарасейскіх сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі