Таццяна Караткевіч гатова падтрымаць ІП на мітынгу
Як вядома, РГА „Перспектыва” падало ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 15 лютага мітынгу прадпрымальнікаў. Пра гэта 1 лютага на форуме прадпрымальнікаў паведаміў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.
Таццяна Караткевіч: Я лічу, што прадпрымальнікам, якія сёння па сутнасці засталіся без працы, трэба выкарыстоўваць усе мажлівасці, каб данесці да грамадства і да ўладаў, што праблема існуе і яе неабходна вырашаць. Патрэбны дыялог і ўзаемны кампраміс. Калі так адбываецца, то з’яўляецца адказнасць за прыняцце рашэнняў. Гэта павінны зразумець чыноўнікі.
РР: Ці маюць права на жыццё ў такім выпадку вулічныя пратэсты?
Таццяна Караткевіч: Безумоўна, маюць – я проста ў гэтым упэўнена. Раней я таксама прыходзіла на форум да прадпрымальнікаў і казала ім, што гатовая іх падтрымаць ва ўсіх кірунках дзейнасці і адкрыта да супрацы. Таму, натуральна, я падтрымліваю рашэнні ІП-эшнікаў. І гэтыя праблемы тычацца не толькі іх як сацыяльнай групы. Праблемы адгукнуцца на сем’ях гэтых людзей, на тым, колькі грошай атрымаюць раённыя бюджэты, на беспрацоўі, якое і так павялічваецца ў краіне. Людзям не даюць працаваць, а ці знойдуць яны сабе новую працу?
РР: Вы будзеце далучацца да мітынгу прадпрымальнікаў?
Таццяна Караткевіч: Калі будуць нейкія мерапрыемствы, то я іх падтрымаю. Дарэчы, пра праблемы малога бізнесу я казала і на сустрэчы з беларускімі парламентарыямі.
РР: На форуме вы запрашалі прадпрымальнікаў далучацца да вашай парламенцкай кампаніі. Можа быць, маюцца нейкія вынікі?
Таццяна Караткевіч: У нас зараз фармуецца спіс прэтэндэнтаў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, і сярод іх ужо ёсць прадстаўнікі малога бізнесу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя