Юры Станкевіч прэзентуе новую кнігу
Найбольшае свята для пісьменніка — выхад новай кнігі. 3 лютага надарыцца магчымасць пабачыць і ўзяць аўтограф у такога таямнічага аўтара, як Юры Станкевіч. Нячаста ён бярэ ўдзел у прэзентацыях нават сваіх кніг, але гэтым разам паабяцаў, што прыедзе ў Менск з Барысава, дзе стала жыве:
— Хутчэй за ўсё я, вядома, прыеду. Я думаю, многім маладым будзе цікава пачытаць. А менавіта тым маладым, якія цяпер набываюць гуманітарныя прафесіі: ім будзе цікава даведацца пра той час, у які вучыліся мы, людзі стала веку.
Новая кніга Юрыя Станкевіча «Паўночны вецер для спелых пладоў» прысвечана тэме кахання, яна часткова аўтабіярафічная і распавядае пра той час, калі аўтар вучыўся на журфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прэзентацыя адбудзецца 3 лютага ў менскай кнігарні «Галіяфы». Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя