Каталікі адзначаюць Грамніцы



Аб’яўленне Пана або Грамніцы святкуюць 2-га лютага каталіцкія вернікі.

gramnicy_6

Адзначылі гэтае свята і ў Глыбокім. У касцёле Святой Тройцы адбылося святочнае набажэнства і асвячэнне свечак. У гэты дзень людзі скупілі ўсе свечкі ў касцёльнай краме, нават прыйшлося іх падвозіць яшчэ, каб хапіла ўсім жадаючым.

Кажа Марына Ткач, якая працуе ў касцёльнай краме ў Глыбокім:

– Калі людзі з вёсак, калі людзі ў сталым узросце, то яны адпраўляюць кагосьці, хто набывае на ўсю вёску, напрыклад, 30-50 свечак. Звычайна адной свечкай не абходзіцца, людзі набываюць па 5-6 для сваіх родных, блізкіх таму, што не кожны ходзіць у касцёл, не кожны мае час.

Асвечаныя ў гэты дзень свечкі называюць “грамнічнымі”, бо іх запальваюць у час навальніцаў, просячы апекі Маці Божай. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму.

Як кажа ксёндз Алег Півавар, свечка – гэта сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай праўды ўсім народам:

– Не сама грамнічная свечка бароніць, толькі бароніць Бог, які ёсць святлом, якое выдае гэта свечка, святлом Хрыстовым. Сама свечка з’яўляецца сімвалам Марыі, якая нясе Ісуса Хрыста, нясе гэта святло.

Cвята Грамніцы заўсёды мела падвойны характар. Яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі свята называецца “Стрэчаннем” і адзначаецца 15-га лютага.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя