Меркель дае задні ход



Канцлер ФРГ Ангела Меркель заявіла, што пасля заканчэння вайны на Блізкім Усходзе, уцекачы з гэтага рэгіёну будуць абавязаныя вярнуцца ў свае дамы. Паводле нямецкай прэсы, Меркель памалу і неахвотна, аднак, прызнала сваю памылку, і змяняе палітыку ў справе імігрантаў.

«Абачлівая жанчына перастрахоўваецца на будучыню» — напісаў Бертальд Колер на старонках  «Frankfurter Allgemeine Zeitung». Газета цытуе яснае выказванне Ангелі Меркель: «Чакаем, што калі у Сірыі настане мір, а ў Іраку будзе пераможаная Ісламская дзяржава, вы вернецеся ў свае дамы ўзбагачаныя досведам, атрыманым у нашай краіне,» — заявіла канцлер на З’ездзе сваёй партыі Саюз Хрысціянскіх дэмакратаў у Нойбрандэнбургу. Ейныя словы супалі з уздымам незадаволення і напружанасці, як на палітычнай сцэне, так і ў нямецкім грамадстве. Не бывае дня, каб не здарыўся нейкі інцыдэнт з удзелам уцекачоў, пераважна ў дачыненні да маладых жанчынаў. Паводле аўтара артыкула ў «FAZ», словы Меркель не азначаюць змены пазіцыі на 180 градусаў, аднак, замест прывітання яна загаварыла пра развітанне. «Яна бачыць, што адбываецца ў ейнай партыі і ў нямецкім грамадстве,» — піша Колер. Ён тлумачыць, што канцлер перастрахоўваецца на выпадак, калі на вясну паток імігрантаў павялічыцца, а цярплівасць немцаў вычарпаецца. Тады можна будзе сказаць, што ўжо ў пачатку лютага канцлер выступала за змену іміграцыйнай палітыкі.

Ангела Меркель не можа адкрыта прызнаць сваёй памылкі, бо, як казаў Напалеон Банапарт,  памылка для палітыка горшая за злачынства. Яна адмаўляецца цалкам закрыць межы і вызначыць квоту ўцекачоў, якую краіна можа прыняць. Меркель кажа толькі пра высылку назад уцекачоў, калі ў іх на Радзіме ўсталюецца мір, бо бачыць, што настроі ў грамадстве блізкія кіпення. Да таго ж, антыімігранцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ужо карыстаецца 12-13-адсоткавай падтрымкай. Партыя выступае за поўнае спыненне наплыву імігрантаў з Блізкага Усходу і адстаўку Ангелы Меркель. Яна апярэджвае партыі прадстаўленыя ў Бундэстагу: Левыя сілы і “зялёных”. Затое, яе партыю хрысьціянскіх дэмакратаў падтрымлівае найменей немцаў за апошнія 4 гады. Кааліцыйныя сацыялісты таксама карыстаюцца меншай падтрымкай у грамадстве. У мінулую суботу лідарка «Альтэрантывы» Фраўкэ Петры заявіла, што нямецкая паліцыя павінна страляць па нелегальных імігрантах на мяжы, бо гэта дазваляе дзейснае заканадаўства. Лідары іншых партыяў асудзілі яе за гэтыя словы, затое шараговыя грамадзяне разумеюць, што яна мае рацыю. Толькі летась у ФРГ прыбыло 1 мільён 100 тысячаў імігрантаў. Гміны адмаўляюцца іх прыймаць. Колькасць  нападаў на дамы для уцекачоў узрасла больш як у 10 разоў. Расце колькасць злачынстваў з боку імігрантаў, што цягне за сабою акты помсты з боку радыкальных груповак.

Паколькі Ангела Меркель не можа прызнаць, што яна памылілася, ёй застаецца чакаць зручнага моманту, каб карэнным чынам адмовіцца ад сваёй палітыкі адкрытых дзвярэй. Такім момантам можа стаць поўная адсутнасць еўрапейскай салідарнасці ў пытанні ўцекачоў. Калі Польшча, Чэхія, Вугоршчына і яшчэ некалькі краінаў заявяць, што яны не прымуць уцекачоў з меркаванняў бяспекі, тады Меркель можа сказаць: «Я хацела іх прыняць, але самі бачыце, што мяне не зразумелі». Мяркую, што яшчэ раней можна здарыцца нешта горшае, чым у навагоднюю ноч у Кёльне, і тады самі немцы скажуць: «досыць». Тады Меркель абвесціць дэпартацыю ўцекачоў і гэтым ізноў набярэ ачкоў сярод электарату.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ