Кампанія збору сродкаў на аплату штрафу графіцістаў



Стартавала кампанія па зборы сродкаў на аплату штрафаў фігурантамі «справы графіцістаў».

CZoi0egWwAA8VCaЯе ініцыятарам выступіла «Арт-Сядзіба» – некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Як паведаміў дырэктар «Арт-Сядзібы» Павел Белавус, ахвяраваць сродкі можна некалькімі спосабамі: купіць майку з малюнкам, з аналагічным графіці «Беларусь мае быць беларускай”, а таксама пералічыць альбо перадаць грошы арганізацыі:

– У нас прадаецца цішотка “Беларусь мае быць беларускай”, мы запусцілі акцыю і паднялі кошт на яе з 200 тыс да 300 тыс. Але прыбытак ад продажу гэтай цішоткі пойдзе на пакрыццё штрафу. Такім чынам, з кожнай цішоткі прыкладна каля 200 тыс. пойдзе на кампенсацыю штрафа.

Па словах Паўла Белавуса, толькі за суткі з пачатку акцыю было сабрана каля 500 даляраў, і ён ўпэўнены, што грошы на аплату штрафаў будуць сабраныя вельмі хутка. Фігуранты «справы графіцістаў», разгляд якой завяршыўся 29 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска, Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі і Вадзім Жэромскі былі аштрафаваныя на агульную суму каля 25 мільёнаў беларускіх рублёў. Пры гэтым яны прызнаныя вінаватымі толькі ў пашкоджанні маёмасці, прыкметаў злоснага хуліганства ў іх дзеяннях судом Фрунзенскага раёна ўсталявана не было.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org