Непрысутныя не маюць рацыі
Зянон Пазьняк абверг чуткі пра сваё вяртанне ў Беларусь. Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ пацвердзіў словы свайго намесніка Юрася Беленькага і назваў правакацыяй намер узначаліць новы рух і адхіліць ад улады Аляксандра Лукашэнку.
Наша радыё атрымала паведамленне, змест якога адпавядае поглядам Зянона Пазьняка. У ім гаворыцца, што “сітуацыя ў Беларусі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі. Таму у бліжэйшы час Пазьняк хоча вярнуцца ў Беларусь і ўзначаліць рух за вызваленне Бацькаўшчыны ад здрадніка і вырадка народу, якога не павінна насіць беларуская зямля… Заклікаю ўсіх беларусаў далучыцца да руху змагання за Свабоду. 25 сакавіка пачнем вызваленне Беларусі,” – гаварылася ў заяве нібыта падпісанай Зянонам Пазьняком.
Змест гэтага закліку гучыць верагодна і адпавядае арыгінальнай рыторыцы Зянона Пазьняка. “Планаў вяртацца ў Беларусь у мяне няма. Гэта правакацыя. Я пра гэта першы раз чую. Але я ведаю, што ў мае паштовыя скрынкі залазяць. Я часам атрымліваю спам са сваёй электроннай пошты. Там увесь час нехта курыруе гэтай поштай, падрабляюць, рассылаюць бязглуздзіцу. Нават былі фіктыўныя інтэрнэт-старонкі, дзе нехта ад майго імя змяшчаў там тэарэтычныя працы – нейкую лухту. Усё гэта правакацыя. Ніякага дачынення я да гэтага не маю,” – заявіў Зянон Пазьняк. Раней “хлуслівай правакацыяй расейскіх службаў” назваў чуткі пра вяртанне Пазьняка ў Беларусь яго намеснік Юрась Беленькі. Ён паведаміў, што правакацыі супраць лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ праводзяцца гадамі. Па словах Беленькага, у КДБ была створаная адмысловая група на чале з Віктарам Шэйманам, якая хацела забіць Пазьняка. Па яго словах, у спісах расейскіх спецслужбаў, прызначаных для ліквідацыі, былі побач з Пазьняком украінскі палітык Чарнавол, грузінскі прэзідэнт Гамсахурдзія і расейская журналістка Паліткоўская.
Для мяне асабіста Зянон Пазьняк сапраўдны палітык і беларускі патрыёт. Я з ім асабіста шмат разоў сустракаўся і размаўляў. Ён таленавіты літаратар, аўтар шэрагу кніг, у якіх выразна прасочваецца хрысціянская тэматыка і этыка. Ён нібы Ян Прадвеснік: вельмі бескампрамісны ў сваіх поглядах. У яго праўда адна. “Так-так, не-не, а што звыш гэтага – ад д’ябла”. Аднак гэта супярэчыць сутнасці палітыкі і дыпламатыі, якая палягае ў пошуку кампрамісу і выбары меншага зла. Я ведаю, чаму ў палове 90-х Зянон Пазьняк з’ехаў з Беларусі і затым атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Зрабіў гэта па намове маладога супрацоўніка, які пераканаў яго, што не варта быць пакутнікам, трэба ратаваць сваё жыццё. Зянон Станіслававіч паверыў, што не варта выстаўляць сябе на фізічнае знішчэнне, аднак гэтым самым ён дыскрэдытаваў сябе. Аказаўся маладушным баязліўцам, не гатовым на ахвяру. Той, хто падказаў яму уцякаць, разбурыў яго імідж. Пазьняк па-за межамі краіны – гэта не бескампрамісны змагар за Беларусь, а звычайны, маленькі чалавечак, які як наёмнік не дбае пра свой статак і ратуе найперш сваю шкуру.
За гэтыя уцёкі з краіны я ніколі не асуджаў Зянона Пазьняка. Я яго разумею. Сам я зьехаў з краіны уцякаючы па значна дробнай прычыне. З другога боку разумею, што “непрысутныя не маюць рацыі”. Будучы у эміграцыі нельга прэтэндаваць на высокія пасады у Беларусі і нават нельга кіраваць партыяй. Проста, з улікам узросту, палітычная кар’ера Зянона Пазьняка – завяршаецца.