Аргкамітэт Дня Волі хоча правесці шэсце па праспекце Незалежнасці
У Менску прайшло пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 25 сакавіка Дня Волі. Прынята рашэнне падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне акцыі 25 сакавіка: збор а 18-й гадзіне і кароткі мітынг на пляцоўцы каля Акадэміі навук, шэсце да помніка Янку Купалу і мітынг. Заяўку ў плануецца падаць у пачатку наступнага тыдня.
У пасяджэнні аргкамітэту ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху салідарнасці «Разам», БСДП (Народная грамада). Аргкамітэт Кангрэсу дэмсілаў прадстаўлялі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык.
Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, былі абмеркаваны ключавыя пытанні арганізацыі мерапрыемства, пачынаючы з даты і месца яго правядзення:
— Мы вырашылі, што сёлета масавая акцыя павінна адбыцца ў саму дату 25 сакавіка, тым больш яна прыпадае на пятніцу і гэта нармальна, зручна. Вырашана рыхтаваць да падачы заяўку ў Менгарвыканкам па фармаце збор ля Акадэміі Навук а 18-й гадзіне, правядзенне мітынгу там жа і пасля дэманстрацыя да скверу Янкі Купалы і ля помніка таксама ўскладанне кветак і мітынг.
Паводле Аляксея Янукевіча, аргкамітэт мае намер шчыльна супрацоўнічаць з кіраўніком Рады БНР Івонкай Сурвілай, каб традыцыйны зварот да гадавіны абвяшчэння БНР быў падрыхтаваны загадзя, каб масава распаўсюдзіць яго сярод грамадзянаў. Прадстаўнікі аргкамітэта будуць звяртацца і да іншых дэмакратычных арганізацый, каб тыя прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Дня Волі.
Святкаванне Дня Волі павінна прайсці годна і адбыцца ў цэнтры Менску, – лічыць былы палітзняволены Мікалай Статкевіч. На першым паседжанні аргкамітэта па святкаванні 98-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ён прапанаваў збірацца на Кастрычніцкай плошчы Менску і адтуль правесці шэсце. Аднак ідэя не знайшла падтрымкі сярод астатніх удзельнікаў аргкамітэту:
– Дзеля нашага адзінства, я пагадзіўся з большасцю. Але калі ўлады не дазволяць нам традыцыйнае шэсце, мы ўсё роўна збяромся ля помніка Янку Купалу.
У папярэднія некалькі гадоў удзельнікі Дня Волі збіраліся каля станцыі метро „Акадэмія навук” і ішлі да парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор. Зараз аргкамітэт мае намер заяўляць маршрут шэсця па праспекце Незалежнасці да парку імя Янкі Купалы, каб ускласці кветкі да помніка паэту.
Беларускае Радыё Рацыя