Беларуская мова штурмуе… парламент!



Рада ТБМ увечары прыняла адмысловую заяву “Беларускую мову – у беларускі парламент!” У ёй канстатуецца, што насуперак Канстытуцыі і дзейнаму заканадаўству, што абвяшчаюць роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, істотна абмяжоўваюцца правы беларускамоўных грамадзян краіны. Асабліва ў адноснах з дзяржаўнымі структурамі. Пра тое, як збіраецца ТБМ мяняць сітуацыю, раскажуць старшыня ТБМ ды яго намесніца – адпаведна Алег Трусаў і Алена Анісім.

IMG_0843

РР: Падстава прыняцця менавіта такой заявы рады ТБМ?

Алег Трусаў: ТБМ заўжды рэагавала на ўсе палітычныя падзеі – выбары і прэзідэнцкія, і парламенцкія. Стараемся іх скарыстаць дзеля беларускасці. Дарэчы, дзякуючы нам тая ж Ярмошына пасля нашых захадаў усе 7 млн бюлетэняў надрукавала па-беларуску. Але пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў мы пераканаліся, што наша апазіцыя перастала быць нацыянальна-патрыятычнай. І нават спадарыня Караткевіч, сябра ТБМ, што ў сваю праграму ўставіла нашы прапановы, – у Маскве аказалася ў адносінах да мовы чалавекам “і нашым, і вашым”. Ну і апошні знакавы момант – адносіны да Святланы Алексеевіч пасля Нобеля. Калі тыя, хто крытыкаваў яе за адмоўныя выказванні супраць мовы, раптам заткнулі раты. Але ж нічога не змянілася! Таму і паставілі зараз задачу аб’яднаць апазіцыю на грунце дзяржаўнасці беларускай мовы. Дзеля чаго ставім на мэце скласці парламенцкі спіс “Беларускі патрыёт”. Гэта заява – першы крок.

РР: Вы ўсур’ёз думаеце, што ваша заява перамкне кан’юнктурную пагоню кандыдатаў за галасамі, дзеля чаго і беларускамоўныя з іх гавораць з выбаршчыкамі па-руску?!

Алег Трусаў: Прынамсі, у нас ёсць унікальная магчымасць заявіць і на “вярхах”, што ўсё беларускае не толькі не памерла, але і ўмацоўваецца. Плануем, што ў “беларускія патрыёты” будуць уступаць па-над партыйнасцю – асабіста ведаю беларускамоўных камуністаў. Са 110 “нашых” кандыдатаў частка пойдзе ад партый, частка шляхам збору подпісаў.

Алена Анісім: Мы проста абавязаны пайсці ў парламент і там адстойваць сваю пазіцыю. Таму што паглядзіце з чым сутыкнуліся. Адукацыі на беларускай мове няма, універсітэта з нацыянальнай мовай за 25 год так і не стварылася. Мусім лабіраваць нашы інтарэсы на ўсіх узроўнях!

РР: А самі на выбары ідзяце?!

Алег Трусаў: І я, і Грыб, і іншыя заяўляем, што гэтым разам на выбары ідзём. Задача зараз – сабраць гэты спіс і разам сустрэцца ў Менску. Яны паклянуцца, што будуць весці кампанію па-беларуску. Плюс – будуць збіраць подпісы, каб Закон аб мовах памяняць паводле нашых паправак. Канчаткова – каб наш парламент загаварыў на роднай мове. Між іншым, у 90-я і я, і Пазьняк і яшчэ 13 чалавек трапілі ў парламент ад ТБМ! Увесь час апазіцыя казала “пра байкот, пра не ўдзел”. А мы на моўным тле ўсе пойдзем удзельнічаць!

Алена Анісім: Усё вырашаем па законах – і ў сэнсе падачы запытаў пра парушэнне моўных правоў грамадзян, і пра адкрыццё таго ж універсітэта. І мо галоўнае – пра адкрыццё натуральнага беларускамоўнага канала на ТБ, дзе б гучала не трасянка, а выключна НАША МОВА!

РР: А самому Лукашэнку слаба зрабіць прапанову ўсе прамовы рабіць па-беларуску?

Алег Трусаў: Неаднаразова на гэту тэму яму пісаў. Ён гэта заўважыў. І нават заявіў, што вельмі хацеў бачыць мяне кандыдатам у прэзідэнты. (смяецца ) Дарэчы, яшчэ адна выгода таго, што кампанія будзе ўлетку, перад пачаткам навучальнага года – будзем яшчэ агітаваць і за беларускамоўныя класы.

РР: Рыхтуеце і яшчэ адну акцыю – Усебеларускую дыктоўку…

Алена Анісім: Гэта піяр-кампанія па распаўсюду, пашырэнні і папулярызацыі мовы. Імкнёмся праз яе далучыць людзей і да лепшых твораў беларускай літаратуры. Сёлета прапануем два тэксты па творах Янкі Сіпакова. А 15 сакавіка хочам пісаць верш Максіма Багдановіча – “Пагоня”. А 25-га, на Дзень Волі, – ваярскі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова…

Дыктоўка з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы будзе праводзіцца 21 лютага аб 11-й гадзіне ў сядзібе ТБМ.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара