На штрафы „графіцістаў” сабралі ўжо больш за $1000



29 студзеня ў Менску завяршыўся працэс над „графіцістаў” за малюнкі „Беларусь мае быць беларускай” і „Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе”. Суд пакараў хлопцаў штрафамі: Вадзіма Жаромскага – у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў), Максіма Пякарскага – у 40 базавых (8400000 рублёў) і Вячаслава Касінерава – у 30 базавых (6300000 рублёў).

Яны звярнуліся да «Арт Сядзібы» з просьбай дапамагчы арганізаваць збор сродкаў на аплату штрафаў. Як стала вядома „Радыё Свабода„, за два дні было сабрана больш за 1000 даляраў.

«За два дні акцыі ў падтрымку мастакоў ужо сабрана 650 даляраў (150 – праз ахвяраванні ў офісе „Арт Сядзібы” і 500 – праз PayPal). Перасылаюць грошы з ЗША, Славеніі, Германіі, Аўстраліі, Чэхіі, Канады, Расіі і Польшчы. Замоўлена ўжо 40 маек з прынтам Максіма Пякарскага „Беларусь мае быць беларускай”, на працягу тыдня яны будуць гатовыя. Калі ўсе заказчыкі іх забяруць, то гэта будзе яшчэ каля 400 даляраў. Такім чынам, за два дні нам амаль удалося сабраць грошы на кампенсацыю штрафаў тром „графіцістам”, застанецца сабраць на штрафы для сяброў, якіх з журналістам Паўлам Дабравольскім збілі ў судзе і таксама далі штрафы”, – распавёў дырэктар „Арт Сядзібы” Павал Белавус. Па словах арганізатараў, збор сродкаў працягваецца.

Аплаціць штраф „графіцісты” павінны на працягу месяца. Пасля чаго абяцаюць публічна даць справаздачу за сабраныя ў рамках акцыі сродкі.