Вячаслаў Піліпук: Чыноўнікі трымаюць удар



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае пра пратэстны патэнцыял прадпрымальнікаў і ўпартасць чыноўнікаў.

Вячаслаў Піліпук: Зараз ідзе падрыхтоўка да мітынга ІП-эшнікаў 15 лютага. Заяўка ўжо пададзена, яна зарэгістравана. Зараз чакаем адказу.

РР: Якая сітуацыя на сёняшні дзень?

Вячаслаў Піліпук: Сёння чыноўнікі трымаюць удар. Ніхто нават не рухаецца і, наколькі зразумелі, ніхто не збіраецца адмяняць сертыфікацыю ці нават разглядаць прапановы ІП. Яны занялі абсалютна жорсткую пазіцыю. Прайшоў ужо месяц, а з боку ўлады – поўнае ігнараванне, ніякіх прапаноў акрамя таго, што прапаноўвалі першапачаткова. Сітуацыя нявызначанасці зацягваецца для прадпрымальнікаў, страсці пачынаюць пакрысе накаляцца. Пратэстная спружына сціскаецца. Мы бачым, што людзі пачынаюць збірацца і абмяркоўваць такія рэчы, як неабходнасць павялічыць ціск на ўлады, каб тыя пайшлі на некаторыя саступкі.

РР: Штрафы для прадпрымальнікаў абяцалі зменшыць. А вы кажаце пра поўнае ігнараванне з боку чыноўнікаў…

Вячаслаў Піліпук: Хіба гэта вырашае галоўную праблему? Чыноўнікі кажуць: прынятыя дакументы застаюцца ў сіле, але адкупіцца вы зможаце меншымі грашыма. Маўляў, працуйце і аплочвайце штрафы па ільготных тарыфах. Смех нейкі.

РР: Прадпрымальнікі збіраюцца пратэставаць па ўсёй краіне?

Вячаслаў Піліпук: 8 лютага планавалі правесці несанкцыянаванае мерапрыемства віцебскія прадпрымальнікі, але людзей не сабралі. Найбольш актыўныя, відаць, прыедуць 15 лютага ў Менск. Але ў рэгіёнах мясцовыя ІП-эшнікі насамрэч сталі падаваць заяўкі на мітынгі. У Брэсце, напрыклад, гэта ўжо зроблена. Па краіне таксама праходзяць сходы і перамовы з мясцовымі ўладамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя