Лаўроў думае пра Беларусь
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў лічыць, што „спробы расхістаць палітычную сітуацыю” ў Беларусі не сустрэнуць падтрымкі большасці. Ён нагадаў пра прынцып неўмяшання ў справы іншай краіны.
Пра Беларусь ён згадаў у інтэрв’ю італьянскаму выданню: „Спробы расхістаць унутрыпалітычную сітуацыю ў гэтай краіне наўрад ці сустрэнуць падтрымку пераважнай большасці насельніцтва рэспублікі”.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі каментуе выказванне расейскага міністра:
– Пытанне адразу, чаму так Лаўроў за Беларусь пераймаецца? Я думаю, што ў падкорцы ў яго сядзіць думка, што гэта ж фактычна наша тэрыторыя. На жаль гэта выяўляецца ў стаўленні расейскай кіроўнай эліты да Беларусі і да яе незалежнасці ўвогуле. Фактычна Масква разглядае Беларусь як сваю тэрыторыю, таму яны пераймаюцца, каб не было рэвалюцыі ў самой Расеі і ў Беларусі, якая ёсць для іх такой зонай стратэгічных інтарэсаў.
Лаўроў мяркуе, што „экспарт рэвалюцый”, камуністычных ці дэмакратычных, нясе вялізную шкоду дзяржавам, якія становяцца „аб’ектамі эксперыментаў”, і супярэчыць міжнароднаму праву, – нагадаў Лаўроў, які раней вітаў анексію Крыма.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя