Падатковая Гарадзенскай вобласці заклікае дармаедаў здавацца



Сем тысяч даляраў добраахвотна заплацілі дармаеды Гарадзенскай вобласці падатковай інспекцыі за тое, што не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Пакуль беспрацоўныя жыхары Гарадзенскай вобласці не спяшаюцца рэгістравацца ў якасці дармаедаў: колькасць добраахвотнікаў з 1 жніўня (моманту пачатку іх рэгістрацыі) склала 53 чалавекі.

Статыстычныя звесткі падатковай інспекцыі сведчаць пра тое, што скарыстацца 10-працэнтнай зніжкай на аплату гадавога падатку для дармаедаў, які складае 4 мільёны 200 тысяч рублёў, людзі не маюць жадання.

Як зазначае старшыня абласной падатковай інспекцыі Лідзія Сямашка, яе падначаленыя ў стане выявіць усіх дармаедаў–неплацельшчыкаў:

— Вось гэты накірунак працы наўпрост звязаны з асобамі, які карыстаюцца ўсімі дабротамі ў дзяржаве, але не плацяць падаткі: дэкрэт № 3 ужо працуе. Я хачу, каб грамадзяне яшчэ раз грунтоўна падумалі і своечасова прыйшлі ў падатковую інспекцыю.

Згодна са зменамі ў беларускім заканадаўстве, кожны грамадзянін краіны, які на працягу шасці месяцаў не працуе, павінен плаціць дзяржаве падатак у памеры дваццаці базавых велічынь. Усе неплацельшчыкі будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці, якая прадугледжвае штраф ці арышт з прымусовым прыцягненнем да працы, што пярэчыць канстытуцыі краіны і міжнародным пагадненням, падпісаным Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: grodnonews.by