У Менску абмеркавалі новы закон “Аб змаганні з карупцыяй”



У дыскусіі на пляцоўцы “Ліберальнага клуба” прынялі ўдзел юрысты, эканамісты, палітыкі ды функцыянеры. Сярод іншага прагучаў шэраг кур’ёзных прызнанняў. Да прыкладу, словы кансультанта юрыдычнага ўпраўлення Мінэканомікі Сяргея Гуляева:

– Закон “Аб змаганні з карупцыяй” у яго новай рэдакцыі патрабуе стварэнне камісіі па карупцыі дзяржаўных органаў. У нас яна дзейнічае з 2008 года. У нас нават з кветкамі баяцца заходзіць у будынак. Вядома, вам гэта можа падавацца смешным.

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заўважыў, што тэма змагання з карупцыяй заўжды ўжываецца ў выбарчых кампаніях, таму і ЛДП будзе яе выкарыстоўваць сёлета падчас парламенцкіх выбараў.

– Я цяпер сам сутыкнуўся з такім. Добра, што патэлефанаваў і вырашыў усё. Зараз не заплаціш – нічога не вырашыш. Вось пачнеш ты будаваць дома, і пакуль не заплаціш, не патэлефануеш – нічога не вырашыш. Гэта ж таксама карупцыя.

У сваю чаргу адміністрацыйны дырэктар “Ліберальнага клуба” Мікіта Бяляеў ацаніў змены ў антыкарупцыйным заканадаўстве хутчэй як касметычныя.

– Насамрэч, змены ў многім альбо недапрацаваныя, альбо прадугледжваюць ужо існыя механізмы, альбо ўвогуле маюць дэкларатыўную скіраванасць. Калі мы ў цэлым будзем ацэньваць закон для нашага часу, то, хутчэй за ўсё, гэта пазітыўная тэндэнцыя. Але ўлічваючы крызіс і рызыкі, звязаныя з гэтым, варта больш сур’ёзна падыходзіць да фармавання антыкарупцыйнага заканадаўства, бо гэта базіс нацыянальнай бяспекі.

Новы закон “Аб змаганні з карупцыяй” у Беларусі не здольны вырашыць праблему. Так лічыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

– Гэта як лялька, якую бацькі абяцалі дачушцы, шмат пра яе гаварылі. А насамрэч гэта, аказваецца, не лялька, а нейкая пластыкавая імітацыя. Бо ўсё гэта было задумана дзеля прэзідэнцкай кампаніі. Нават быў зроблены выгляд, што мае месца ўсенароднае абмеркаванне. А насамрэч атрымалася так: свабоду карупцыі, амністыю кабарам. І гэта рэальны трэнд.

Ці мажліва ў Беларусі, каб адказнасць за карупцыйныя злачынствы нёс не асабіста кіраўнік прадпрыемства ці кампаніі, а юрыдычная асоба? Такая практыка шырока ўжываецца ў свеце. Мінэканомікі лічыць гэта немагчымым. Іншага меркавання прытрымліваецца кіраўніца экспертнай групы “Transparency International” у Беларусі Аксана Дрэбезава.

– Для таго, каб перамагчы карупцыю, нам давядзецца многае ў заканадаўстве перапісваць. Бо гаворка ідзе не толькі пра хабар і іншыя віды карупцыі, але і пра празрыстасць ды зразумеласць заканадаўства ў цэлым. У нас вельмі многа нормаў, якія адсылаюць нас да іншых. І саф факт наяўнасці такіх “непразрыстых” нормаў нараджае карупцыю. Бо пры тлумачэнні гэтых нормаў можа быць рознае іх разуменне і прымяненне. І ў выніку маем ужо карупцыйнае правапарушэнне.

Акрамя спрашчэння заканадаўства, эксперт бачыць дзейснымі мерамі супраць карупцыі мінімізацыю дзяржаўнага апарата і больш актыўнае ўцягванне грамадства ў вырашэнне гэтай праблемы.

[Not a valid template]

Падчас дыскусіі былі таксама агучаны вынікі сацапытання. Паводле яго, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу лічаць сітуацыю з карупцыяй у Беларусі умеранай. То бок, яна ёсць, але пакуль на цярпімым узроўні.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота арганізатараў