Дэвід Кэмеран і Бэата Шыдла правялі перамовы ў Варшаве



У Варшаве адбылася сустрэча прэм’ер-міністраў Вялікабрытаніі і Польшчы Дэвіда Кэмерана і Беаты Шыдла.

d898715f-01ca-4420-a266-4435dc944f39

На супольнай канферэнцыі, якая прайшла яшчэ да пачатку сустрэчы Беата Шыдла адзначыла, што Вялікабрытанія з’яўляецца стратэгічным партнёрам Польшчы і ў час сённяшняй сустрэчы бакі абмяркуюць найважнейшае пытанне: умовы далейшага сяброўства Вялікабрытаніі ў Еўразвязе.

— Я хачу вельмі выразна падкрэсліць, што Вялікабрытанія для Польшчы — стратэгічны партнёр і вельмі важны партнёр. Для нас вельмі важна, каб Вялікабрытанія засталася ў Еўразвязе, бо гэта краіна якая з’яўляецца фундаментам Еўразвязу. І як для польскай эканомікі так і для польскай палітыкі вельмі важна, каб Вялікабрытанія засталася ў ЕЗ.  

2 лютага старшыня Рады Еўразвязу Дональд Туск прадставіў праект пагаднення, у якім зафіксаваны ўмовы далейшага членства Вялікабрытаніі ў Еўразвязе.

Канчатковае ўзгадненне пагаднення заплянаванае ў час сустрэчы ў вярхах краінаў Еўразвязу 18 – 19 лютага .

У перамовах з Лонданам найбольш цяжкімі былі патрабаванні Вялікабрытаніі адносна магчымасці абмежавання доступу да сацыяльных выплатаў для працоўных імігрантаў з іншых краінаў Еўразвязу. Шматлікія краіны Еўропы, у тым ліку і Польшча, непакояцца, што такія крокі могуць прывесці да абмежавання свабоды перамяшчэння працоўнай сілы ў ЕЗ. Прадстаўлены Дональдам Тускам дакумент прадугледжвае, што краіны ЕЗ у надзвычайнай сітуацыі маглі б на 4 гады абмежаваць сацыяльныя выплаты для новых імігрантаў з іншых краінаў Еўразвязу.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя