Лідар ІП запрошаны на пасяджэнне Мінэканомікі



Лідар грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў „Перспектыва” Анатоль Шумчанка запрошаны на пасяджэнне рабочай групы ў Мінэканомікі для разгляду ўказа №48 аб сертыфікацыі. Як паведаміў Шумчанка, пасяджэнне адбудзецца 8 лютага.

– Аднак я сказаў, што для нас важны і разгляд дакументаў. Мне адказалі, што ўсё будзе разглядацца па чарзе. Мы разлічваем, што гэта пачатак перамоў. Мы за гэта змагаліся са студзеня. І цяпер разлічваем, што мы здолеем пераканаць чыноўнікаў, што яны пачуюць нашыя праблемныя пытанні. І мы прыйшлі б да агульнага кампраміснага рашэння, якое дазволіла б зняць гэтае напружанне ў нашай прадпрымальніцкай супольнасці, і мы б змаглі спакойна працаваць.

На форуме ў Менску 1 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі запатрабавалі перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам для «аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі і выпрацоўкі канструктыўных шляхоў яе вырашэння». Удзельнікі форуму чарговы раз запатрабавалі тэрміновай адмены ўказа №222. Наступны форум прадпрымальнікаў запланаваны на 29 лютага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя