Папа Францішак і патрыярх Кірыл сустрэнуцца на Кубе (абноўлена)



Ватыкан абвясціў аб тым, што Папа Рымскі Францішак і патрыярх Кірыл правядуць сустрэчу на Кубе.

160205120647_pope_patriarch_624x351_epa_nocredit

Сустрэча адбудзецца на наступным тыдні. У РПЦ таксама пацвердзілі гэтыя паведамленні, паведамляе bbc.com.

Кіраўнік каталіцкай царквы і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл павінны падпісаць сумесную дэкларацыю аб узаемадзеянні цэркваў, паведамілі ў Ватыкане.

Гэта першая за ўсю гісторыю сустрэча пантыфіка і кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы.

Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў на брыфінгу ў Маскве, што сустрэча адбудзецца ў Гаване ў аэрапорце імя Хасэ Марці 12 лютага.

„Тэма ганенняў на хрысціян стане на гэтай сустрэчы цэнтральнай”, – паведаміў мітрапаліт. Патрыярх Кірыл адпраўляецца з візітам у краіны Лацінскай Амерыкі з 11 па 22 лютага.

Фота ЕРА

* * *

Сайт Ватыканскага радыё на гэты конт даў наступную інфармацыю:

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане падкрэсліў, што сустрэча не мае „спантаннага” характару, нягледзячы на тое, што аб ёй было абвешчана практычна за тыдзень да правядзення. Перад ёй была праведзена сур’ёзная і доўгая праца. Куба была абрана для двух бакоў як „нейтральнае” месца. Хоць краіна дастакова блізкая і вядомая як для католікаў, так і для праваслаўных. Гэта сустрэча мае „выключнае значэнне” для экуменічнага дыялога, падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў заслугі Патрыярха Кірыла перад каталіцка-праваслаўным дыялогам. Ён шмат гадоў узначальваў Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату і ў гэтай якасці прысутнічаў на інаўгурацыі Бэнэдыкта XVI. У апошнія гады кантакты паміж дзвюма Цэрквамі значна актывізаваліся, аб чым сведчаць частыя візіты Мітрапаліта Іларыёна, цяперашняга кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў, у Ватыкан.

Кс. Ламбардзі, адказваючы на пытанне пра пазітыўныя вынікі спаткання для складаных выклікаў, якія стаяць перад светам, у тым ліку ўкраінскага канфлікту, сказаў, што ў сувязі з такімі сустрэчамі заўсёды існуюць спадзяванні на прагрэс у пытаннях, вырашэнне якіх уяўляецца складаным.

Кіраўнік Залы Друку не паведаміў падрабязнасцяў аб змесце сумеснай дэкларацыі, але нагадаў, што яе тэкст будзе апублікаваны пасля падпісання.

be.radiovaticana.va