У Міжнароднай выставы экслібрыса з’явіцца Інтэрнэт-рэсурс
У Міжнароднай выставы экслібрыса і формаў малой графікі, якая ў Берасці пройдзе трэці раз, з’явіцца Інтэрнэт-рэсурс. Такім чынам, унікальныя працы мастакоў з розных краін свету змогуць пабачыць не толькі тыя грамадзяне, якія наведваюць выставу.
Сябра Беларускага саюзу мастакоў, ініцыятар і куратар выставы Аляксандр Грыгор’еў адзначае, што рабіць віртуальную прэзентацыю вымушае вялікая цікавасць да праекту і ў цэлым да Беларусі:
– Беларусь таксама закрытая і невядомая для многіх краіна. Таму адчуваецца да нас цікавасць мастакоў з усяго свету. Насамрэч, я здзіўлены гэтай цікавасцю і тым эфектам, які спарадзіла гэтае трыенале.
Пакуль справаздачы і творы мастакоў-удзельнікаў Аляксандр Грыгор’еў размяшчае на асабістых Інтэрнэт-пляцоўках. З’яўленне сайту сістэматызуе працэс, абагульніць інфармацыю навіннага і асветніцкага характару. Распрацоўка вядзецца пад ІІІ выставу, якая распачнецца ў лютым наступнага году.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота blog.tvoyapechat.ru