Казакі б’юць чалом



У мінулыя выходныя беларускія казакі правялі ў Менску свой чарговы з’езд. Грамадскае аб’яднанне “Беларускае казацтва” на чале з экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Улаховічам заўважна актывілазавалася. Яно хоча не толькі стварыць сваё войска, але і актыўна ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях.

На прэзідэнцкіх выбарах Мікалай Улаховіч набраў усяго 1,7% галасоў. На сходзе таксама не было натоўпу: у ім прынялі ўдзел прыблізна 80 дэлегатаў. Гэтыя лічбы не ўражваюць, аднак вярхоўны атаман лічыць, што дасягнута іншая мэта: “цягам апошніх 20 гадоў адбылося адраджэнне беларускага казацтва”.  Цяпер неабходна ствараць „Беларускае казацкае войска”, накшталт тых, якія дзейнічаюць у Расеі”, — сказаў Улаховіч. Ён дадаў, што “вайсковая служба, гэта асноўная задача казакоў”. Улаховіч адзначыў, што яго арганізацыя выступае за спакой і парадак, у адрозненне ад такіх шкодных арганізацыяў як БНФ. Падстава для сфармавання казацкага войска ёсць, лічыць атаман, бо Беларусь мяжуе з краінамі НАТА. Аднак, па яго словах, стварэнне казацкага войска павінна быць праведзенае ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Вось таму беларускія казакі накіравалі кіраўніку дзяржавы просьбу, каб той, як галоўнакамандуючы, сваім указам дазволіў ім стаць вайсковым злучэннем тэрытарыяльных войскаў Беларусі. Яны хочуць ператварыцца  ў вайсковае казацкае таварыства”. „Беларускае казацтва” мае намер унесці ўраду прапанову аб заснаванні ў Беларусі першага казацкага дзіцячага корпусу, які дае сярэднюю спецыяльную адукацыю. У бліжэйшых планах “Беларускага казацтва” таксама актыўны ўдзел у сёлетніх парламенцкіх выбарах. Аб’яднанне гатовае на кожную выбарчую акругу вылучыць нават па два кандыдаты.

Пры гэтым казакі не прамінулі падмазацца Лукашэнку. У сваім звароце яны адзначылі, як дзякуючы мудраму кіраўніцтву Лукашэнкі “аблічча рэспублікі змяняецца… краіна заўважна памаладзела, стала ярчэйшай, прыгажэйшай, больш ветлівай, атрымала магутны імпульс для далейшага развіцця і палепшыліся ўзаемаадносіны з краінамі Еўразвязу”. Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца, што “асноўнай статутнай мэтай аб’яднання з’яўляецца “адраджэнне казацтва ў Рэспубліцы Беларусь на асновах праваслаўя, патрыятызму, служэння Айчыне, адданасці беларускаму народу і яго прэзідэнту”. “Мы, казакі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, выступаем у Вашу падтрымку і ўпэўненыя ў вас, як у апоры магутнай, незалежнай і квітнеючай Бкларусі – сучаснасці і будучыні”, – гаворыцца ў звароце да Аляксандра Лукашэнкі.

Абшырныя і шматслоўныя дыфірамбы на адрас Лукашэнкі бы той бальзам павінны змякчыць сэрца прэзідэнта. Ці дасць гэтае падлізніцтва вынік – гаварыць рана. Беларускі кіраўнік напэўна пацікавіцца самой з’явай беларускага казацтва, бо яна дастаткова цмяная і таямнічая. Казацтва нехарактэрнае для беларускага этнасу. У аб’яднання вельмі расплывістая праграма і ў сапраўднасці апроч праваслаўя, патрыятызму і лаяльнасці ў дачыненні да прэзідэнта няшмат вядома пра іхныя мэты. Праўда, калі яны БНФ параўноўваюць да джыхадыстаў з “Ісламскай дзяржавы”, дык можна сумнявацца у іх беларускім патрыятызме і адданасці якраз беларускаму народу. Хутчэй за ўсё яны разам са сваімі таварышамі ў Данбасе гатовы абараняць “рускі свет”. Ствараць узброенае фармаванне з такіх людзей – даволі рызыкоўная справа. Думаю, што расчулены хвальбою Лукашэнка ўсё ж такі ў іхнай просьбе ветліва казакам адмовіць. Маўляў: хлопцы, супакойцеся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ