Уладзімір Табула: Вырашылі мяне працаўладкаваць, каб замяць справу
Лунінецкі цэнтр занятасці правёў “дабрачынную” акцыю ў адносінах да звольненага з “Граніта” інжынера Уладзіміра Табулы. У той час, як з вакансіямі зусім туга, Табулу прапанавалі 3 месцы працы, хаця ён нават не стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці.
Кажа Уладзімір Табула:
– Я там не зарэгістраваўся яшчэ, а мне ўжо прыйшла прапанова аб свабодных вакансіях: наладчык швейнага абсталявання, электраманцёр электрычных сетак і інжынер па ахове працы ў калгасе ў Лунінецкім раёне.
РР: Колькі да гэтага калгасу кіламетраў?
– 35-40 кіламетраў. Пінскія электрасеткі ў Лунінцы – гэта 50 кіламетраў. Вось такія прывілеі з цэнтра занятасці. Думалі, што я павядуся і працаўладкуюся да 15 лютага.
17 снежня мінулага года Уладзімір Табула быў звольнены з працы інжынера па ахове працы на “Граніце”, на яго думку, беспадстаўна. Фактычна ў якасці намесніка начальніка аддзела аховы працы ён лічыцца да гэтага часу. На прадпрыемстве ён прапрацаваў 12 гадоў. Зараз справа разглядаецца ў судзе Мікашэвіцкага раёна. Другое слуханне ў судзе 15 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя