Пуцін знайшоў грошы для Лукашэнкі?



Кіраўніцтва Расеі прыняло рашэнне падтрымаць эканоміку Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 8 лютага з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

[youtube id=”W8M06TD51EY”]

„Прэзідэнт Расеі і прэм’ер не толькі паабяцалі, але прынялі рашэнне пра падтрымку, як бы ні было складана ў Расеі, эканомікі Беларусі”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на нядаўніх сустрэчах з Уладзімірам Пуціным і Дзмітрыем Мядзведзевым „бакі самым падрабязным чынам абмеркавалі многія праблемы, дамовіўшыся разам выходзіць з эканамічнай сітуацыі, што склалася”.

Абмяркоўваючы з Макеем пытанні супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам, Лукашэнка адзначыў: „Калі пойдуць на падтрымку Беларусі, пра якую мы запытвалі, — дзякуй, не пойдуць, значыць, не пойдуць. Але весці перамовы з імі трэба з улікам нашых пазіцый, таго, што мы таксама ім абяцалі”.

Лукашэнка выказаў перакананасць у тым, што ў МВФ з разуменнем паставяцца да такой пазіцыі. Ён падкрэсліў, што фонд не ўносіць Беларусі незразумелыя і непатрэбныя прапановы. „Мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, зараз беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні двух буйных запазычанняў — крэдытаў Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця на 2 млрд. долараў і Міжнароднага валютнага фонду на 3 млрд. Частку новых запазычанняў ўлады плануюць накіраваць на рэфінансаванне старых даўгоў. Плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу, якія трэба будзе ажыццявіць у 2016 годзе, Мінфін ацэньвае ў 3,3 млрд. долараў.

31 студзеня Лукашэнка сустракаўся ў Сочы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Як паведаміла паводле вынікаў сустрэчы прэс-служба прэзідэнта, бакі дамовіліся, што „Беларусь і Расея будуць сумесна пераадольваць негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі”.

5 лютага таксама ў Сочы адбылася сустрэча Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Паводле яе вынікаў прэс-служба беларускага прэзідэнта паведаміла, што „Беларусь і Расея маюць намер працягнуць ўмацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках”.

belapan.by