Ці атрымае Лукашэнка грошы ад Пуціна і МВФ без рэформаў?
Аляксадр Лукашэнка у час размовы з міністрам замежных спраў Беларусі краіны Уладзімірам Макеем зрабіў некалькі заяў, якія тычацца эканамічнай палітыкі. З аднаго боку, ён сказаў, што кіраўніцтва Расеі абяцала аказаць Беларусі эканамічную падтрымку, але адначасова Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе рэалізоўваць праграмы МВФ, як бы не было складана.
Па словах былога старшыні Вярхоўнага Савета 12 склікання Станіслава Шушкевіча, гэтыя заявы толькі падкрэсліваюць вастрыню эканамічнага крызісу і непаслядоўнасць сённяшняга кіараўніцва Беларусі.
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
– Калі ён зараз не знойдзе 6 мільярдаў крэдыта, ён спадзяецца 3 мільярды ўзяць у МВФ, тры ў Расеі, то тут будзе зусім дрэнна. Ужо члены ўрада пачалі гаварыць не пра Беларусь, не пра нейкія пачуцці, бацькаўшчыны, радзімы, яны ўжо гавораць, што яны служывыя людзі, што яны служаць ледзь не ў манархіі. Лукашэнка і ягоны ўрад, хочуць карэктаваць тое, што карэктуюць у рынкавай эканоміцы шляхам манетарызму. Можна карэктаваць бюджэтам або выпускам грошай, можна падпраўляць сітуацыю эканамічную, каб яна не заглохла, але ж нельга гэта рабіць у структуры, якая адпавядае феадальнай дзяржаве. Што б ён не казаў, на рэфармаванне ён не ідзе. Можа яму ізноў удасца падмануць Захад і доўг кожнага беларуса стане яшчэ большым. На сённяшні дзень доўг кожнага беларуса ад немаўля да старога пенсіянера складае амаль 1400 даляраў. Калі ён атрымае гэтыя два крэдыты па 3 мільярды, то доўг кожнага жыхара Беларусі будзе складаць 2 тысячы даляраў – гэта нашы ўнукі будуць разлічвацца за тое, што Лукашэнка жыве ў доўг, за тое, што ён фактычна губіць радзіму.
Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:
Крэдыт Захад не дае – Міжнародны валютны фонд. Крэдыт – Усход – Масква не дае. Чаму Захад не дае? Рэформы не праводзяць. Чаму Еўразійскі банк развіцця таксама адмаўляе? Таму што рэформы патрабуюць: каб аздаравілі эканоміку, каб не ўтрымлівалі стратныя актывы, стратны сектар, каб прынамсі прадавалі прадукт, які пакрываў бы затраты, каб не праядаўся народны капітал. Гэта не робіцца. Адсюль панаванне песімізму, бо валавы прадукт знізіўся за мінулы год на 4%, валютная выручка зменшылася за год больш чым на 10 мільярдаў даляраў, гадавы валавы нацыянальны прадукт раней складаў 76 мільярдаў, сёння ў пераліку на новы курс ён складае 55 мільярдаў. Ён знізіўся на 20 мільярдаў. Гэта стан нашай эканомікі. Няма каманды, якая б рэалізоўвала нейкую новую праграму аздараўлення эканомікі. Чакаем, што павысяцца цэны ў Расеі на газ, на нафту і яны выдзяляць рэсурсы і мы іх зноў праядзім.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– З вуснаў беларускага афіцыйнага лідара прагучала, што вось, маўляў, Расея паабяцала нам падтрымку, але звяртае на сябе ўвагу, што ніякай канкрэтыкі няма. Думаю, што калі б была хоць нейкая зачэпка: канкрэтна крэдыт паабяцалі ці нейкія прэферэнцыі ў доступе беларускіх тавараў на расейскі рынак, дык гэта Лукашэнка адразу б пастараўся агучыць. Усё ж хоць нейкая заваёва. А так, гэтыя агульныя словы болей нагадваюць апраўданне тыднёвага сядзення ў Сочы. Невыпадкова ў звязку з гэтым у той жа размове з міністрам Макеем, Лукашэнка падкрэсліў, што як ні было б цяжка нам трэба выконваць умовы МВФ. Зрэшты, і тут выказванне не было паслядоўным, бо адразу ж прагучала, што мы невыканальных абяцанняў ня можам даваць МВФ.
Выходзіць, з аднаго боку відавочна, што патрэба ў грошах вельмі вострая, што Масква або нічога канкрэтна не паабяцала, або абставіла такімі ўмовамі, што гэта для Лукашэнкі стварае сітуацыю нявыкруткі. Напрыклад: вы размяшчайце ў Бабруйску авіябазу і тады мы дамо столькі і столькі грошай, а гэта азначае, што будзе тарпедаваны працэс нармалізацыі дачыненняў з захадам, які так цяжка даўся афіцыйнаму Менску, і які ўсё ж такі адкрывае большую перспектыву, у тым ліку атрымання заходніх крэдытаў і інвестыцый.
Таму, гэтыя супярэчлівыя выказванні Лукашэнкі наводзяць на думку, што беларускае кіраўніцтва хоча схапіць грошай і з Усходу і з Захаду і пры гэтым узяць на сябе мінімум абавязкаў, асабліва адносна эканамічных рэформаў.
„Таму што сапраўдныя эканамічныя рэформы, з гледзішча беларускага кіраўніцва, і тут яно мае рацыю, будуць падточваць аўтарытарную сістэму кіраўніцтва, увесь гэты палітычны лад, створаны на аднаасобнай уладзе”, – кажа Аляксандр Класкоўскі
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск