“Дынама” – дарагая цацка



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец тлумачыць, чаму хакеісты менскага “Дынама” не патрапілі ў плэй-оф, а таксама ці з’яўляецца хакей народным відам спорту ў Беларусі.

Павел Знавец: Гэты сезон для менскага “Дынама” я б назваў правальным. Каманду кідала, што называецца, з агню ды ў полымя. Спачатку арыштавалі генеральнага дырэктара клуба Максіма Суботкіна, праз некаторы час – выконваючага абавязкі гендырэктара Уладзіміра Беражкова. Адравілі ў адстаўку Любаміра Покавіча – галоўнага трэнера “Зубраў”. Усё ж гэта псіхалагічна ўплывае і на хакеістаў.

РР: “Дынама” стабільна не паказвае высокага выніку, хоць грошы ў гэты праект укінулі агромністыя. Былы старшыня Беларускай федэрацыі хакея Леў Кантаровіч днямі сказаў так: маўляў, беларускі хакей заб’юць вялікія грошы. Ён мае рацыю?

Павел Знавец: Абсалютна! Праект “Дынама” (і ўвогуле, усё гэтае захапленне хакеем) – проста дарагая цацка. Набудавалі лядовых палацаў у вялікіх і маленькіх гарадах, але што ад гэтага – вынікі сталі лепшыя? Ці з’явіліся новыя Салеі ці Грабоўскія? Але, калі патрэбна “распілаваць” хакейныя грошы, тады “талентаў” знаходзіцца багата. З-за гэтага церпяць, дарэчы, і іншыя віды спорту. Мне падаецца, што Беларусь – не зусім хакейная краіна, у нас больш футбол і гандбол заўсёды былі папулярнымі. Успомніце, як у 80-я выступаў менскі СКА па гандболе. Роўных не было ў Еўропе! Памятаю, якія чэргі на СКА былі ў Палац спорту. Ды і на футбол народ заўсёды хадзіў. А хакей – гэта ўсё штучна прыдумалі на пацеху асобным дзеячам. Праект сябе не апраўдвае, а грошы выдаткоўваюцца вялізныя. Лепш бы гэтымі грашыма іншыя віды спорту падтрымалі.

РР: Але ж на “Менск-Арэну” заўзятары ходзяць пастаянна…

Павел Знавец: Гэта ўжо як тусоўка і традыцыя. Трэба аддаць належнае, на арэну народ прыходзіць не толькі паглядзець на каманду, але і проста прыемна правесці час з дзецьмі, сям’ёй, сябрамі. Але калі “Дынама” будзе гуляць так, як робіць гэта зараз, то колькасць заўзятараў будзе змяншацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота volga-cement.ru