Папа Францішак і патрыярх Кірыл падпішуць дэкларацыю адзінства цэркваў
Першая ў гісторыі сустрэча каталіцкага Папы і Патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы адбудзецца 12 лютага на Кубе.
Арганізацыя сустрэчы кіраўнікоў каталіцкай і расейскай праваслаўнай цэркваў вялася два гады, перадае словы прэс-сакратара Ватыкана айца Федэрыка Ламбардзі французская газета La Croix.
Як паведамляе выданне, восенню 2013 года мітрапаліт Іларыён, які адказвае за знешнія сувязі РПЦ, па просьбе патрыярха Кірыла звяртаўся ў Ватыкан з прапановай аб сустрэчы на вышэйшым узроўні. 12 лістапада таго ж года Іларыён абмеркаваў магчымую сустрэчу з Францыскам ў Рыме.
Праз месяц Маскву з таемным пяцідзённым візітам наведаў старшыня Папскай рады па судзеянні хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.
Газета адзначае, што перашкодамі для сустрэчы быў канфлікт ва Украіне і неабходнасць атрымаць згоду патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея. Акрамя таго, маскоўская патрыярхія «баялася расколу ўнутры праваслаўных з-за збліжэння з каталікамі».
Куба пры гэтым была абраная месцам сустрэчы ў якасці „нейтральнай тэрыторыі», паколькі «для праваслаўя Лацінская Амерыка выглядае куды больш традыцыйнай і рэлігійнай, чым Стары Свет».
Сустрэча пантыфіка і кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы адбудзецца 12 лютага ў міжнародным аэрапорце Гаваны імя Хасэ Марці. Папа Францыск зробіць прыпынак у Гаване па шляху ў Мексіку, куды ён адправіцца з візітам.
Фота: EPA