Першы ў Беларусі прысуд па злачынстве на глебе гамафобіі



У Менску асуджаны малады чалавек па абвінавачванні ў рабаванні і збіцці гея з-за ягонай сексуальнай арыентацыі. Вядома, што абвінавачаны ўваходзіў у групу «Акупай-педафіляй». Са сваёй будучай ахвярай ён пазнаёміўся ў адной з сацыяльных сетак.

«Упершыню ў судовым працэсе, акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць прызнанае «ўчыненне злачынства паводле матываў варожасці або розні ў дачыненні да сацыяльнай групы — ЛГБТ-супольнасці», — тлумачыць Наталля Манькоўская з праваабарончага цэнтра «Ідэнтычнасць».

Матыў гамафобіі не з’яўляецца асобнай кваліфікацыйнай прыкметай, бо гэта не асобны склад злачынства, але абцяжарваючыя абставіны. Гэта паказвае, што праваахоўныя органы сапраўды разглядаюць падобныя злачынствы, як злачынствы на глебе нянавісці. І тут я хачу сказаць, што гэта, вядома, крок наперад пытанне толькі ў тым: наколькі гэтая практыка будзе падтрымлівацца ў далейшым і будзе яна выкарыстоўвацца і ў іншых выпадках.

Злачынец асуджаны на падставе ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 206 (рабаванне, учыненае з пагрозай прымянення гвалту) Крымінальнага кодэкса і прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Абвінавачаны таксама абавязаны выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў 5 млн рублёў, матэрыяльнай шкоды — 150 тыс. рублёў, а ў лік судовых выдаткаў і за паслугі адваката — 2,5 млн. рублёў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя