Погляд на Беларусь з Адэсы
Слова “Адэса” адразу выклікае ў беларусаў самыя прыемныя асацыяцыі. Аматары курортнага адпачынку напэўна прыгадаюць пляжы Ланжэрона і Чарнаморкі, бібліяманы – знакамітых літаратараў-адэсітаў, ад Ісака Бабеля да Рыгора Осцера, а нехта з гісторыкаў нават раскажа пра фартэцыю Хаджыбей, якая стаяла на месцы колішняй Адэсы і па адной з версій была памежным умацаваннем часоў Вітаўта.
А што ведаюць пра Беларусь у Адэсе? Чым жыве цяпер гэты горад?
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Верай Гапеевай, актывісткай праваабарончай арганізацыі „Queer Home Адэса”.
Вера Гапеева: Увогуле, за апошнія часы Беларусь стала для мяне амаль роднай краінай. Калі я прыехала туды ўпершыню, мае беларускія сябры абрадвалі мяне неспадзяванкай: яны заспявалі гімн Украіны. Гэта былі менавіта беларусы. Заходжу да іх у пакой – а ў іх вісіць наш сцяг! Тады я і зразумела, што беларусы – рэальна братэрскі для нас народ, які жыве побач з намі і пра які я вельмі мала ведаю. Так я стала часцей бываць у Беларусі, слухаць беларускія песні і вывучаць беларускую мову… Чытаць вершы: Купала, Колас, Багдановіч – ваша класіка. Так Беларусь і стала для мяне бліжэйшай. Але, калі гаварыць пра ўсю Адэсу, то ў нашым горадзе мала хто ведае пра Беларусь. Звычайная рэакцыя: ат, цікава, што я дазнаюся пра Беларусь – раней я пра яе такога не ведаў!
РР: У Беларусі ходзіць багата міфаў пра падзеі ў Адэсе 2 траўня 2014 года, калі ў Доме Прафасаюзаў загінула больш за 36 чалавек…
Вера Гапеева: Іншым разам я вандрую аўтастопам. Калі гавару кіроўцу, што з Адэсы, то першае пытанне акурат пра падзеі 2 траўня 2014 года… Так, на вялікі жаль, першая асацыяцыя ў большасці цяпер – менавіта тыя трагічныя падзеі. Насамрэч, ніхто дакладна пакуль не можа сказаць, што там адбылося. Вядома, што быў праўкраінскі марш у цэнтры горада і прарасейскі марш непадалёк чыгуначнага вакзала, на Куліковым полі. Адтуль прыйшлі прарасейскія актывісты, якія напалі на праўкраінскіх актывістаў. Пачалі страляць…
РР: А хто стрэліў першым?
Вера Гапеева: Прарасейскія актывісты. Тады была першая ахвяра – загінуў хлопец з украінскага боку. Справа дагэтуль не закрыта – вядзецца следства. Але на месцы, дзе загінуў наш хлопец, увесь час стаяць кветкі. На Дэрыбасаўскай той ахвяры ўсталяваны часовы помнік.
РР: Непадалёк, на Кацярыненскай вуліцы, стаіць іншы помнік – расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ, праз які ў Адэсе таксама было багата спрэчак і канфліктаў…
Вера Гапеева: Шмат хто з украінскіх патрыётаў палічыў такі помнік абразай. Кацярына ІІ знішчыла Запарожскую Сеч, і таму нашы актывісты былі катэгарычна супраць помніка чалавеку, які нарабіў нашай краіне столькі паскудства. Але ж у выніку помнік застаўся. Чаму? Ну, культурная адметнасць, цэнтр горада, месца для сэлфі турыстаў… Праўда, расейскія турысты гавораць, што вуліца Кацярыненская названая ў гонар іх імператрыцы. Але ж, насамрэч, гэта мана: вуліца названая ў гонар святой Кацярыны, пра што сведчыць гістарычная шыльдачка непадалёк.
РР: Асабіста мне Адэса нагадвае Львоў. Такі ж мультыкультурны, мультырэлігійны і мультынацыянальны горад…
Вера Гапеева: Вядома ж, так! У Адэскай вобласці жывуць прадстаўнікі больш чым 137 нацыянальнасцяў. Таму Адэса – вельмі і вельмі талерантнае месца. Тут ніхто і нікога ніколі не дыскрымінаваў паводле нацыянальных, рэлігійных ці яшчэ якіх іншых прыкметаў. Мы заўсёды паважалі іншую культуру, іншую думку… Мы ўсе адзін адному суседзі, але пры гэтым можам быць рознымі.
РР: То бок не можа быць такога: вось я – украінка, а ты – малдаванін, ці расеец, ці армянін, ці паляк, і з тае прычыны я пачуваюся найвышэйшым!
Вера Гапеева: “Я вам не скажу за всю Одессу, вся Одесса очень велика!» Магу сказаць толькі за сябе: у мяне ў сябрах ёсць людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. І дзякуй Богу!
РР: Давайце павернімся да адэска-беларускіх стасункаў… Летась у Адэсу пацягнуліся на адпачынак беларусы. Пераважна гэта тыя людзі, якія раней ездзілі ў Крым. Але ж я асабіста ведаю людзей, якія баяцца ехаць у ваш горад з тае прычыны, што Адэса, маўляў, вельмі крымінагеннае месца… Маўляў, ёсць “Растоў-папа, а ёсць Адэса-мама”…
Вера Гапеева: Калі беларускія сябры проста прыедуць у Адэсу на адпачынак, то ніякіх праблем у іх не будзе. Калі гуляць на ўскраінах уночы – то, як і ў кожным вялікім горадзе, можна адшукаць на сваю галаву прыгодаў. А так адэсіты – вельмі і вельмі прыязныя людзі. Калі вы спытаецеся, як прайсці – вам не толькі пакажуць, але яшчэ і раскажуць пра тыя ці іншыя гістарычныя адметнасці, якія вы пабачыце па дарозе. Гэта называецца “Як прайсці на Дэрыбасаўскую?” Так, сапраўды – апошнім часам вельмі пабольшала ў Адэсе машын з беларускімі нумарамі. Хаця ў 2014 годзе такіх машын было вельмі мала. Прыязджайце, адпачывайце! Мы заўсёды радыя беларускім сябрам.
У турыстычным сезоне 2015 года беларусы занялі лідарства сярод замежнікаў, якія адведалі Адэсу. Мяркуецца, што ў сезоне 2016 іх стане яшчэ больш.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: архіў Веры Гапеевай