Супольны зварот апазіцыя перадала кіраўнікам МЗС-аў краін Еўразвязу
Апазіцыйныя палітычныя партыі і грамадска-палітычныя рухі Беларусі выступілі з сумесным зваротам да міжнароднай супольнасці, у якім заклікаюць захаваць санкцыі супраць Лукашэнкі. «Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне цягам апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося,» – адзначаюць беларускія апазіцыйныя палітыкі. Сярод падпісантаў звароту – старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
– Мы супраць таго, каб перад выбарчай кампаніяй здымаць санкцыі з чыноўнікаў, якія сістэматычна парушалі і Канстытуцыю, і міжнародныя абавязкі Беларусі. Гэта будзе не правільны крок. Крок, які дэматэвуе ўладу нешта меняць у краіне, і які будзе дрэнным пасланнем для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Так што тут мы маем супольную пазіцыю і ўсцешаны гэтым. Яна можа не супадаць з пазіцыяй чыноўнікаў у Бруселі, але гэта наша пазіцыя, і мы перакананыя, што гэта правільная пазіцыя.
Зварот падпісалі таксама Ірына Вештард ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Юрась Губарэвіч ад руху „За свабоду”, Віталь Рымашэўскі, ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Уладзімір Някляеў ад рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі” і Мікалай Статкевіч ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Зварот быў перададзены прадстаўнікам міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы, а таксама Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Нямеччыны, якія 9-10 лютага знаходзяцца ў Менску.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя