Незайздросны лёс папугаяў



На двары – ХХІ стагоддзе. Час, калі НАСА рыхтуецца да адпраўкі чалавека на Марс. Навукоўцы спрабуюць вырасціць у прабірцы мозг чалавека. У Масачусецкім тэхналагічным універсітэце прыдумваюць, як карыстацца энергіяй сонца ў любы дзень незалежна ад надвор’я. Не шанцуе толькі папугаям. Асабліва тым, якіх нелегальна ўвезлі ў Беларусь. У іх лёс – як у вядзьмярак у часы Сярэднявечча: спаленне на вогнішчы. Толькі ў ролі святой інквізіцыі выступаюць чыноўнікі.

Днямі мазырскія памежнікі канфіскавалі ў жыхара Баранавічаў 440 папугаяў. У кіроўцы не было ніякіх дакументаў на птушак. Праводзіцца праверка. Аднак уся праблема ў тым, што, паводле закону, птушак могуць пакінуць у каранціне толькі да трох дзён. А аналізы на розныя хваробы, якія могуць рабіць толькі ў Менску, зоймуць па часе тыдзень. То бок, незалежна ад вынікаў аналізаў, птушак могуць утылізаваць. Прычым пад словам утылізацыя маецца на ўвазе спальванне ў печы. Такое адчуванне, што гаворка ідзе не пра жывых істотаў, а пра кантрабандныя цыгарэты. Так, напрыклад, было ў 2008 годзе, калі пад пагрозай птушынага грыпу берасцейскія памежнікі ўсыпілі, а потым спалілі 275 папугаяў. Цяпер птушынага грыпу ў Беларусі няма, але  пагроза ўтылізацыі ўсё роўна навісла над беднымі птушкамі. Абаронцы жывёлаў заклікаюць чыноўнікаў пранікнуцца лёсам пярнатых і захаваць жыццё максімальнай колькасці папугаяў. Валанцёры нават згодныя карміць птушак і клапаціцца пра іх. Пакуль што невядома, што пераможа ў памежніках: перастрахоўшчыкі альбо гуманісты.

У будызме і індуізме існуе вера ў рэінкарнацыю – перасяленне душы з аднаго цела ў іншае. Прычым душа чалавека пасля смерці пераселіцца не абавязкова ў чалавечае цела. Так што, на месцы беларускіх чыноўнікаў варта сто разоў падумаць перад тым, як спальваць бедных кантрабандных папугаяў. Ніхто не застрахаваны ад таго, каб перасяліцца потым у цела птушкі, якую будуць незаконна перавозіць пра беларускую мяжу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ