Адпачынкі беларусаў стануць карацейшымі?



«У нас на працы ходзяць чуткі, што нам могуць паменшыць адпачынкі, – распавёў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» ўстрывожаны чытач. – Маўляў, дадатковыя дні, якія давалі паводле кантракту, прадпрыемства цяпер павінна аплачваць з прыбытку. Выходзіць, гэта нявыгадна, а значыць, ніякіх дадатковых дзён больш не будзе».

Сапраўды, паводле закону ўсім працоўным беларусам належыць 24 дні адпачынку. Але пры гэтым ёсць і так званыя заахвочвальныя адпачынкі, якія наймальнік абавязаны выдаць сваім супрацоўнікам, калі ўкладае з імі кантракт: мінімум – гэта адзін дзень, максімум – пяць. Таму на многіх прадпрыемствах за год можна было адпачываць ажно 29 дзён. Пры гэтым дадатковыя дні не адбіваліся на прыбытку прадпрыемства: яны спісваліся на выдаткі вытворчасці або рэалізацыі тавараў. Аднак з 1 студзеня гэтага года пачалі дзейнічаць папраўкі ў падатковы кодэкс, якія змянілі гэтае правіла.

«З 1 студзеня 2016 года выдаткі на аплату дадатковых заахвочвальных адпачынкаў пры падаткаабкладанні прыбытку не ўлічваюцца ні як выдаткі, ні як аперацыйныя выдаткі,» – каментуюць у Міністэрстве падаткаў і збораў.

Атрымліваецца, што цяпер прадпрыемства павінна аплачваць тыя самыя заахвочвальныя дні за кошт прыбытку – гэта значыць са сваёй кішэні. Пры гэтым закон усё адно абавязвае працадаўцаў даць усім супрацоўнікам хоць бы адзін дзень такога адпачынку, калі ўкладзены кантракт. Тым, з кім кантракты ўжо ўкладзеныя, дні наўрад ці зрэжуць, бо гэта лічыцца істотнымі зменамі ўмоў працы – і гэта трэба абгрунтаваць. А вось тым, з кім кантракты толькі будуць укладаць, працадаўца можа прапанаваць усяго адзін дадатковы дзень замест пяці.

Паводле kp.by