Попел і памяць – 1946



Драматычныя падзеі пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне сталі матывам тэатральнага спектакля. «Попел і памяць 1946» — пад такім загалоўкам тэатр «Чрэво» і Драматычны тэатр у Беластоку зладзілі перформерскія чытанні. У спектаклі былі выкарыстаныя аўтэнтычныя расповеды сведкаў гэтых падзеяў, кажа адзін з гледачоў Міраслаў Пякарскі:

— Так было і гэта — факт, а з фактамі немагчыма дыскутаваць. Трэба разлічыць і закрыць, бо вінаватых ужо няма: усе яны паўміралі, а маладым трэба пра гэта памятаць, але не аддавацца ўспамінам.

«Як беларускія, так і польскія гісторыкі пагаджаюцца, што пацыфікацыя беларускіх вёсак аддзеламі Рамуальда Раіса псеўданім «Буры», было злачынствам», — адзначае супрацоўнік інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку прафесар Ежы Мілеўскі:

— Я штогод езджу у Едвабнэ, у Радзілаў, Вансош і таксама вырашыў, што павінен быць тут, бо гэта частка нашай супольнай гісторыі, цяжкай гісторыі, але пра такія цяжкія моманты мы таксама павінны памятаць.

Сёлета споўнілася 70 гадавіна пацыфікацыі беларускіх вёсак аддзеламі ўзброенага падполля.

Былі спаленыя такія вёскі як: Залешаны, Шпакі, Зані, Волька Выганоўская. Таксама былі расстраляныя 30 вазакоў. Апрача беластоцкай прэм’еры перформанс «Попел і памяць 1946» будзе паказаны ў іншых мясцовасцях Беласточчыны.

DSC00611

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

 

***

12 лютага 2016 г. 

У гэтым годзе споўнілася 70-я гадавіна пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса „Бурага”.

12644850_994936803878637_4204407899761634216_n-720x512

Тэатр „Чрэва” і драматычны тэатр у Беластоку запрашаюць на своеасаблівы спектакль – перфарматыўныя чытанні  „Попел і памяць – 1946”.

Акцёры Яанна Троц і Тамаш Таранта прачытаюць фрагменты  канчатковых расследаванняў следства, праведзенага Інстытутам нацыяналальнай памяці ў справе забойства 79 чалавек – жыхароў павету Бельск-Падляшскі , здзейсненых з 29 студзеня па 2 лютага 1946 года, а таксама ўспаміны жыхароў пацыфікаваных вёсак.

„Усё будзе гучаць на падляшскай гаворцы ў тлумачэнні Яна Максімюка, які ў дзевяностыя таксама збіраў гэтую інфармацыю”, – кажа заснавальніца Тэатра “Чрэво” і акцёрка Яанна Троц.

– Проста я хацела, каб гэта было на аўтэнтычнай мове. Ян Максімюк зноў перакладаў тэксты, каб яны гучалі так, як гаварылі тыя людзі.

Запісы сведкаў таго часу запісаны ў пачатку 90-х гадоў журналістамі тыднёвіка „Ніва” Янам Максімюком, Міколам Ваўранюком і Ганнай Кандрацюк-Свярубскай.

Вытрымкі з успамінаў запісаны таксама ў кніжцы „Ой даўно даўно…” Апрача чытанняў, публіка зможа пачуць і каментары гісторыкаў Славаміра Іванюка і Алега Латышонка.

Сустрэчу правядзе наш рэдакцыйны калега Мікола Ваўранюк. Пачатак спектаклю сёння а 19-й гадзіне ў драматычным тэатры на малой сцэне. Уваход вольны.

Беларускае Радыё Рацыя