Рэдактары недзяржаўных СМІ просяцца у „Клуб рэдактараў” (абноўлена)



Ліст з просьбай прадставіць магчымасць выказацца ў „Клубе рэдактараў” падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар „Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар „Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты „Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА „БАЖ” Андрэй Бастунец.

baj160212-d3blp

Прадстаўнікі СМІ звяртаюць увагу на тое, што ў эфіры ад 7 лютага журналістаў недзяржаўных выданняў неаднаразова згадвалі ў адмоўным святле, таксама падзяюць на „сваіх” і „чужых”, навешваюць ярлыкі. Сярод падпісантаў і галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава:

– Падтрымала гэтую ідэю, таму што сапраўды лічу, што паміж журналістамі павін саўсёды быць нейкі прафесійны дыялог. І гэта зусім не здаровая сітуацыя, калі мы раздзеленыя, калі ў нас нават два журналісцкія аб’яднанні. Дыялог павінен быць. У журналістаў адна задача і мы павінны яе вырашаць разам, а не пачувацца ворагамі і весці нейкія войны адно з адным.

Як адзначае прэс-сакратар ГА „БАЖ” Барыс Гарэцкі, такім чынам рэдактары недзяржаўных СМІ хочуць годным чынам адказаць на прапаганду з боку дзяржаўнага тэлебачання:

– Незалежным выданням слова ніхто не даў і нават не запрасіў іх на гэтыя перадачы, таму прадстаўнікі чатырох вядучых медый і старшыня БАЖа Андрэй Бастунец звярнуліся да Генадзя Давыдзькі, да Беларускай тэлерадыёкампаніі з прапановай даць магчымасць ім выказацца па дадзенай праблематыцы. Тым больш, што быў збіты журналіст парталу TUT.BY і галоўны рэдактар гэтага парталу Марына Золатава таксама гэты зварот падпісала.

Разам з тым, у перадачы галоўны рэдактар газеты „СБ.Беларусь Сегодня” Павел Якубовіч заклікаў для абмеркавання пытанняў свабоды слова з удзелам усіх зацікаўленых у гэтым бакоў: прадстаўнікоў БАЖ і БСЖ, журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў, дзяржаўных службоўцаў.

„Мы гатовыя да дыялогу, да публічнага дыялогу, але ці гатовыя да гэтага Вы? Калі так, то мы гатовыя прыняць удзел у „Клубе рэдактараў”, каб выказаць свой пункт гледжання, як па канкрэтных пытаннях, якія абмяркоўваліся цягам апошніх двух выпускаў, так і наконт ролі і месца СМІ ў сучасным грамадстве”, – гаворыцца ў звароце.

Зварот на адрас Генадзя Давыдзькі накіраваны ў Белтэлерадыёкампанію заказным лістом.

baj.by