Канфлікт у Слоніме: адным можна гандляваць, іншым – не



У пятніцу, 12 лютага, на Слонімскім цэнтральным рынку адбыўся чарговы сход слонімскіх індывідуальных прадпрымальнікаў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, на сход прыйшлі больш за 50 чалавек. Сход пачаў сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык, які распавёў пра сітуацыю з ІП у Беларусі. На сходзе слонімцы са шкадаваннем успрынялі тое, што ў Менску не адбыўся мітынг ІП. Але ў любы час яны гатовы прыняць удзел у мітынгу ў абарону ІП.

Потым усе індывідуальныя прадпрымальнікі з рынку рушылі ў цэнтр Слоніма на Першамайскую вуліцу. У адным з памяшканняў у гэты час адбываўся гандаль-распродаж скураных курткаў і дублёнкаў. Гэтае адзенне гандляры прывезлі з Менску. Яны арэндавалі на адзін дзень памяшканне і пачалі распрадаваць свой тавар. Калі да іх зайшлі слонімскія індывідуальныя прадпрымальнікі і запыталі дакументы, то ў іх на гандаль былі толькі тыя дакументы з Расейскай Федэрацыі, якія на сённяшні дзень маюць ІП у Слоніме. Але слонімцы баяцца з імі гандляваць на рынку, бо былі выпадкі, калі з падобнымі дакументамі адбываліся праверкі, канфіскацыі і накладваліся штрафы ў Слоніме. А гэтым гадлярам-гастралёрам, аказваецца, гандляваць з падобнымі дакументамі можна. Па словах Віктара Марчыка, слонімскія ІП выклікалі са Слонімскага райвыканкама спецыялістаў з аддзела гандлю, з падатковай і фінансавай інспекцый, а таксама з санэпідэмстанцыі. Спецыяліст з падатковай інспекцыі груба адмовіўся весці дыялог са слонімскімі ІП. Фактычна ніякай праверкі яны не правялі і не праводзілі, акрамя тых, што хутка паглядзелі дакументы, якія прадаставілі гандляры курткаў, вярнулі іх назад і сказалі, што парушэння гандлю няма, а са слонімскімі ІП размаўляць адмовіліся.

[Not a valid template]

Слонімскія ІП вырашылі ў бліжэйшыя дні запрасіць на свой сход кіраўнікоў падатковай інспекцыі, аддзела гандлю Слонімскага райвыканкама, а таксама з санэпідэмстанцыі. І па-сур’ёзнаму разабрацца з дадзенай сітуацыяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім