Мая Качыянчыч: Пазіцыя Еўразвяза па Беларусі не змянілася



Паездка Кэтрын Эштан у Менск будзе прысвечана толькі сустрэчы ў вярхах Мытнага звязу і Украіны.

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў краін Мытнага звяза і Украіны ў Менску 26 жніўня будзе праходзіць у „спецыфічным кантэксце”, Еўразвяз ўдзельнічае ў ёй па запрашэннях прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі, паведаміла на брыфінгу ў Бруселі Мая Качыянчыч, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕЗ Кэтрын Эштан, піша interfax.by.

„Гэта не двухбаковы візіт ЕС у Беларусь. Вы, вядома, ведаеце, якія зараз адносіны паміж Еўрапейскім звязам і Беларуссю. У шэрагу заключэнняў Рады ЕЗ гэтая сітуацыя прадстаўлена. Ёсць праблемы ў палітычнай галіне, і пазіцыя Еўрапейскага звяза ў сувязі з гэтым не змянілася”, – сказала прэс-сакратар.

Так яна адказала на пытанне, ці плануе Эштан у Беларусі сустрэчы з няўрадавымі і іншымі арганізацыямі падчас свайго візіту ў Менск.