За баранавіцкім актывістам Міколам Чарнавусам сочаць (абноўлена)
За баранавіцкім прадпрымальнікам і актывістам Міколам Чарнавусам назіраюць міліцыянты і людзі ў цывільным.
Баранавіцкая міліцыя і спецслужбы трымаюць яго ў аблозе з учарашняга дня.
13-га лютага цэлы дзень за ім хадзілі людзі ў форме і ў цывільным. 14-га таксама не пакінулі ў спакоі. Мікалая Чарнавуса папярэдзілі сябры, што за ім “хвост”:
– У нядзелю ніякіх мітынгаў, ніякіх сходаў не было на рынку. Канец працоўнага дня, я выйшаў з рынку, мне напарнік паведаміў, што за мной сачэнне. Насамрэч, мы зайшлі хуценька ў краму і праз шкло ўбачылі, што за намі сочаць.
Аднаго з сваіх “ахоўнікаў” Чарнавус пазнаў. Ім быў начальнік аддзелы аховы правапарадку Сяргей Паўленя. Ён браў з прадпрымальніка падпіскі, што не будзе зваць людзей на плошчу 15 лютага і наогул на іншыя акцыі.
Напярэдадні прадпрымальнік змог абмяняцца з супрацоўнікамі ў цывільным некалькімі словамі, сказаўшы, што ідзе дадому. Яму адказалі, што проста ахоўваюць ягоную бяспеку:
– Куды б я не зайшоў, паўсюдна за мной сачылі. Пасля я ім адкрыта заявіў, што я заклікаць нікога на рынку не буду на мітынг у Менск на 15-га лютага, я іду дамоў. Я пешшу ішоў – без аўтатранспарту, праз два кіламетры я павярнуўся, і аказваецца за мной гэтыя ж два таварышы ў цывільным гэтак жа ішлі за мной.
Раней актывіст заявіў, што 15-га лютага збіраецца ехаць у Менск на акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, і звязвае сачэнне за ім менавіта з гэтым.
Беларускае Радыё Рацыя