Што будзе амяркоўвацца на магчымай сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Расеі?
На магчымай сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Украіны Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі ў рамках перамоваў у Менску будуць абмяркоўвацца ўкраінскі крызіс, гуманітарная дапамога, патокі бежанцаў і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дамовы аб асацыяцыі Украіны і ЕС, паведаміў агенцтву РІА Навіны прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзмітрый Пяскоў.
„На пытанне, што Масква хацела б абмеркаваць з Кіевам, прэс-сакратар адказаў: гаворка пойдзе пра ўнутрыўкраінскі крызіс, пытанні, звязаныя з гуманітарнай дапамогай, „каб пазбегнуць сітуацыі з неапраўданымі затрымкамі”.
„Гэта гуманітарная катастрофа, у цэлым, якая цяпер адбываецца на ўсходзе Украіны”, – пералічыў Пяскоў магчымыя тэмы.
26 жніўня ў Менску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз – ЕС – Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.