У колькі абыдзецца школьны выпускны бацькам?
Адміністрацыя гарадзенскіх школаў прымушае вучняў адзінаццатых класаў і іх бацькоў збіраць сродкі на правядзенне выпускных вечарынаў. Кожны клас павінен аплаціць у сярэднім тры тысячы даляраў за арганізацыю і правядзенне ўрачыстасцяў, якія звычайна адбываюцца ў гарадскіх рэстаранах.
Прэйскурант коштаў уключае, прыкладам, аплату вядучага, якая складае 600 даляраў, паслугі фатографа – 300 даляраў і відэааператара, праца якога каштуе ў сярэднім 500 даляраў. Удзельнікі канцэртнай праграмы на выпускной вечарыне таксама зарабляюць: прыкладам, фокуснік – 150 даляраў за паўгадзіны працы, а спявачка -100 даляраў за гадзіну. Аплата паслугаў арганізатара імпрэзы, якім зазвычай з’яўляецца супрацоўнік школьнай адміністрацыі, складае ў сярэднім 300 даляраў. Як зазначае гарадзенец Васіль Смірноў, бацькі дзяцей негатыўна ставяцца да дзеянняў кіраўніцтва навучальных установаў:
– Літаральна прымушаюць ісці, бо на гэтым фуршэце выдаюць атэстаты. Наколькі я ведаю, многім з тых, хто адмаўляецца ісці, заніжаюць адзнакі. Такім чынам, ідзе ціск і на бацькоў, і на дзяцей, каб сарваць грошы.
Бацькі гарадзенскіх выпускнікоў абураныя яшчэ і тым, што ўсе разлікі адміністрацыя школаў патрабуе ажыццяўляць у далярах. Такія дзеянні з’яўляюцца не чым іншым, як пазазаконнымі валютнымі аперацыямі. У вядомасьць ужо пастаўленыя кантралюючыя структуры, якія павінны будуць даць прававую адзнаку таму, што адбываецца ў школах горада.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня