Васіль Палякоў: У беларусаў не было імкнення выйсці з СССР
23 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Няўдалы жнівеньскі путч у Маскве скончыўся парадам суверэнітэтаў савецкіх рэспублік.
Палітолаг і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў у той час быў студэнтам аднаго са сталічных універсітэтаў. На ягоную думку, тагачаснае беларускае грамадства не было падрыхтаванае да распаду Савецкага Саюза:
– На прыкладзе студэнцтва можна рабіць высновы, што актуальна для грамадства, што неактуальна, а на той час не было такога пачуцця, што Беларусь павінна быць незалежнай, суверэннай дзяржавай. Нейкая абыякавасць была, было імкненне да пераменаў, але незалежнасць, як найвышэйшая каштоўнасць, не была распаўсюджана. Калі параўноўваць з Прыбалтыкай, з Польшчай і нават з Украінай, то ў Беларусі не было такога імкнення, у беларусаў не было імкнення выйсці з Савецкага Саюза.
25 жніўня 1991 года Вярхоўны савет ХІІ склікання, нягледзячы на тое, што большасць дэпутацкіх мандатаў мелі камуністы, надаў Дэкларацыі аб незалежнасці статус канстытуцыйнага закона.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель