Ясянчук: Мы не будзем прапускаць толькі фуры з расейскімі нумарамі



Дзясятым украінскім рэгіёнам, які прыяднаўся да блакады расейскіх грузаў, стала Чарнігаўшчына, памежная з Гомельскай вобласцю.

Якія мэты ставяць арганізатары гэтай блакады? Які механізм блакавання фур з расейскімі нумарамі? Ці тычыцца гэтая блакада беларускага транспарта?

Аляксандр Ясянчук

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Аляксандрам Ясянчуком, адным з каардынатараў блакавання мяжы, старшынём мясцовай “Самаабароны Майдану”.

Аляксандр Ясянчук: Гэта – палітычная акцыя, мэта якой – давесці нашаму ўраду пра немагчымасць адначасова і весці вайну з варожай нам дзяржавай, і падтрымліваць з ёй эканамічныя сувязі. Акрамя таго, гэта пытанне бізнесу. Расейская Федэрацыя закрыла для нашага бізнесу мяжу. І працэс гэты пачаўся не сёння, а мінімум апошнія пятнаццаць гадоў. Яны заміналі нашаму бізнесу нават за часамі прарасейскага прэзыдэнта Януковіча. І раней. Цяпер украінскі бізнес пераарыентоўваецца на Еўропу. Але страты ад расейскай эканамічнай палітыкі ў дачыненне Украіны ёсць. Таму мы і закрываем мяжу: расейскі бізнес не будзе мець магчымасці экспартаваць нешта ў Еўразвяз. Мы не будзем прапускаць толькі фуры з расейскімі нумарамі. Іншыя машыны, у тым ліку і легкавікі, мы прапускаем. Людзі маюць права ехаць праз мяжу, а камерцыйны груз – не.

РР: А хто спрычыніўся да акцыі?

Аляксандр Ясянчук: Ва ўсеўкраінскім масштабе акцыя пачалася спантанна. Усё пачалося ў Закарпацці, дзе яе пачалі мясцовыя актывісты. І гэтая хваля нарэшце дайшла і да Чарнігаўшчыны. Тут блакаду расейскіх фур вырашылі падтрымаць самыя розныя патрыятычныя суполкі: “Самаабарона Майдану”, “Правы сектар”, гамадзянскі корпус “Азова”, Адзіны валанцёрскі цэнтр… Нас падтрымліваюць і чарнігаўскія бізнесмены.

РР: А калі на вас пачнуць ціснуць уплывовыя прарасейскія бізнесмены з Кіева, якія, да таго ж, маюць палітычную вагу. Напрыклад – дэпутаты з “Апазіцыянага блоку”. Што тады?

Аляксандр Ясянчук: Гэта вельмі балючае пытанне для ўсёй Украіны. Тым больш, што такіх дэпутатаў у нас багата. У нас цяпер пачынаецца ўсеўкраінскі рух супраць расейскага і прарасейскага алігархату. Той жа Грыгарышын, той жа Юра Янакіеўскі… 18 лютага ў Кіеве запланаваны марш супраць прарасейскіх алігархаў. Гэта людзі, якія жывуць ва Украіне і атрымліваюць украінскія грошы, але ў выніку тыя грошы скіроўваюцца на карысць Расейскай Федэрацыі, то бок агрэсара. Вось і атрымліваецца, што Украіна фінансуе вайну супраць сабе самой. Але супрацьстаянне ім ёсць: і на ўзроўні мітынгаў, і на ўзроўні дэпутацкіх запытаў, і на ўзроўні патрабаванняў да СБУ і Генпракуратуры разабрацца і з паходжаннем іх багацця, і пра іх дзеі, скіраваныя супраць Украіны.

РР: Але ў той жа Валыні, дзе цяпер таксама блакуюць расейскі транспарт, прарасейскія бізнесоўцы нагналі нейкіх “цітушак”, якія спрабавалі зашкодзіць актывістам. Вы не баіцеся, што нешта падобнае можа адбыцца і на Чарнігаўшчыне?

Аляксандр Ясянчук: Не, мы іх не баімся. Калі нешта падобнае будзе адбывацца і ў нас, мы проста падцягнем яшчэ больш актывістаў.

РР: А які сам механізм блакавання мяжы? Там будзе стаяць нейкі блак-пост? Ці пакладзеце бетонныя блокі?

Аляксандр Ясянчук: Не, такога не будзе. Мы паставім пост на скрыжаванні дарог: з вёскі Грымяч і з Сянкоўкі, што каля Седнева. Вядома ж, ніякіх бетонных агароджаў ставіць не будзем: гэтай дарогай карыстаюцца шмат аўтамабілістаў, у тым ліку і нашых. А як будзем спыняць фуры? Паставім сваю машыну, якая заблакуе дарогу. Мы не будзем геройстваваць і кідацца пад колы. Не думаю, што яны паспрабуюць прарывацца далей на Кіеў, бо калі такую расейскую фуру потым спыняць іншыя актывісты дзе пад Браварамі, кіроўца пра гэта вельмі пашкадуе. Дый і мытнікі з памежнікамі будуць папярэджваць тых кіроўцаў пра блакаду.

РР: Машына з беларускімі нумарамі, звычайны легкавік. Гамяльчане традыцыйна едуць па закупы. Ваша рэакцыя?

Аляксандр Ясянчук: Беларусы – нашы браты. Мы іх заўсёды гасцінна чакаем у Чарнігаве. Прыяжджайце, вам тут заўсёды радыя. Жыве Беларусь!

Тым часам украінскі ўрад афіцыйна забараніў усяму расейскаму грузавому транспарта транзіт па тэрыторыі ўсёй краіны. Пра гэта афіцыйна паведаміла прэсовая служба ўкраінскага Кабміну.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя