У Менску адбыўся літаратурны фестываль „Вершы на асфальце”



У Менску адбыўся Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова. Форум доўжыўся цягам чатырох дзён. На яго з’ехаліся творцы з васьмі краінаў. У тым ліку Хінема Ана Бэйкер з Новай Зеландыі. Яна прачытала вершы са сваёй кнігі супольна з перакладчыцай Марыйкай Мартысевіч.

– Гэта кніжка называецца “Косткі, косткі”, калі перакласці з маўры. Яна пра пошук ідэнтычнасці. Бо ў маўры частка еўрапейскай крыві. І гэта шлях маўры да сваіх каранёў – вывучэнне мовы, адраджэнне народу. Таму я ўпэўненая, што гэта вельмі блізка беларусам.

Adkryccio_080

                    Хінема Ана Бэйкер

У межах “Стральцоўскага фэсту” прэзэнтаваны шэраг новых кніг – “Выбраныя творы” Міхася Стральцова, выбраныя творы паэтаў Еўропы і Амерыкі ў перакладах Лявона Баршчэўскага ды іншых выданняў. Прайшлі бэнэфіс перакладчыкаў, паэтычна-музычны джэм і слэм (спаборніцтва ў аўтарскім чытанні). Гаворыць прэсавы сакратар фэстывалю Віка Трэнас:

– У мяне склалася ўражанне, што гэта ўжо ў прынцыпе як брэнд. Назва “Стральцоўскі фэст”, як мы ў народзе называем, выклікае адразу канкрэтную рэакцыю ў публікі. Тут вольная атмасфера. Дай бог, каб гэта ўсё мела працяг і каб у нашых арганізацыяў і ў нашых ініцыятываў былі магчымасці праводзіць фэст далей.

Тэкставыя, гукавыя і відэа-матэрыялы з «Вершаў на асфальце» ўжо з’яўляюцца ў Сеціве. Вершы замежных гасцей таксама можна пачытаць у часопісе “Дзяслоў”.

[Not a valid template]

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота lit-bel.org