Чаму ІП не задаволены беларускімі аптовымі базамі?



Віцебскі прадпрымальнік Анатоль Шапавалаў распавядае пра сітуацыю з ІП у Віцебску, а таксама пра абяцаны ўладамі “беларускі Чаркізон”.

Міністр гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч у эфіры БТ заклікаў ІП карыстацца паслугамі аптовых баз.

«Базы гатовыя завезці тавар пад заяўку. Зразумела, што пры выкананні ўсіх працэдур той маржы, якую атрымлівалі ІП, не будзе. Бо база не заніжае ўваходныя цэны. База плаціць усе падаткі і працуе «ў белую», — сказаў ён. — Дарэчы, у нас за гэты перыяд заключана 12 тысяч дамоў. І гэта сведчыць пра тое, што тыя, хто хоча працаваць у роўных умовах, прымае гэтыя правілы гульні, той працуе».

Анатоль Шапавалаў: Тое, што ёсць у Беларусі, – гэта нейкая пародыя на аптовыя базы. Вось мне, напрыклад, тэлефануюць з віцебскага філіяла “Белзнешэканомторга” і кажуць: “Дапамажыце! Можа хто паляцеў бы ў Кітай ці Турцыю, каб прывезлі сюды тавар?” А хто паляціць? На гэты момант прадпрымальніцкія фонды “вымылі” практычна пад нуль. А тое, што прапаноўваюць нашы базы… Не так даўно “Беллегпрам” моцна рэкламаваў сваю прадукцыю, паказалі твар прадпрымальнікам. Дык там выбіраць няма чаго. А кошты – касмічныя! Простыя жаночыя халаты – па 700-900 тысяч, колеры – абы-якія. У свой час кіраўнік краіны паставіў задачу стварыць “беларускі Чаркізон”, але сёння гэтага і блізка няма.

РР: Чаму, на ваш погляд, беларускія тавары такія дарагія?

Анатоль Шапавалаў: Гэта ў вытворцаў трэба запытаць, што яны “забіваюць” у цэны. Чыноўнікі крычалі, што прадпрымальнікі прадавалі тавары ў 2-3 разы даражэй, чым набывалі. Маўляў, спекулянты. А самі хто? У нас кошты былі ніжэйшымі, чым зараз у айчынных вытворцаў на аптовых базах. Дык колькі дзяржава накручвае? Ды яшчэ і тавар у іх такі, што выбару ніякага. Улічваючы, што зараз пакупальніцкая здольнасць насельніцтва на нулі, хто гэта ўсё будзе купляць? Я некалькі разоў хадзіў на рынкі ў Віцебску, там некалькі прадпрымальнікаў працуюць. Але працуюць – гэта вельмі гучна сказана. Калі за дзень нехта прадасць адну адзінку тавару – ужо добра. Няма ў людзей грошай зараз. А пасля таго, як атрымалі “камуналкі” па новых цэнах, тым больш ніхто не будзе нічога купляць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.21.by