Баранавіцкі суд раскрытыкаваў працу міліцыі



Пры разглядзе ў лютым адміністрацыйнай справы Рыгора Грыка і Аляксандра Вайцешыка Баранавіцкі суд абвесціў прыватную пастанову міліцыі Баранавіцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. Асабліва суддзю Юлію Шчэрбу абурыў прыкладзены міліцыяй для доказу вінаватасці Грыка і Вайцешыка дыск, які пры разглядзе аказаўся пустым. Суддзя адзначыла нізкую выканаўчую дысцыпліну і адсутнасць патрэбнай арганізацыі работы пры падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйных правапарушэннях да разгляду, кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:

– У маім жыцці гэта першая прыватная пастанова суда. Суд вызначыў давесці гэтую інфармацыю да ведама начальніка ўнутраных спраў Баранавіцкага гарвыканкама. І пра прынятыя меры ў месячны тэрмін просяць паведаміць суду.

Паводле Гоўшы, звычайна міліцэйскія адміністрацыйныя пратаколы адпраўляюцца на дапрацоўку  па некалькі разоў. Такая практыка павінна быць спынена. Пратакол, складзены непрафесійна, павінен стаць падставай для спынення працэсу.

Нагадаем, што грамадскія актывісты Грык і Вайцешык знайшлі ў краме “Маrt Inn”вялікія  партыі пратэрмінаваных прадуктаў. У выніку загадчыца была пакарана штрафам. Пасля гэтага яна звярнулася з заявай у міліцыю, што актывісты заміналі працы крамы.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы