„Балцкі Субстрат” – у „чорным спісе” ўладаў



Ні на парог агульнаадукацыйнай школы, ні музычнай, ні Дома культуры гарадскога пасёлка Падсвілле Віцебскай вобласці не пусцілі беларускі гурт  „Балцкі Субстрат”. У гэты пасёлак, што непадалёк ад Глыбокага, быў запрошаны гурт з канцэртам у межах літаратурна-музычнай імпрэзы, прысвечанай 70-годдзю Падсвільскай сярэдняй школы.

“Калі абвестка пра гэты канцэрт была выкладзена на мясцовы незалежны сайт, у гурта ўзніклі праблемы з выступам. Калі музыкі пачалі высвятляць акалічнасці, у Падсвіллі ім параілі звярнуцца ў ідэалагічны аддзел Глыбоцкага райвыканкама,” – кажа адзін з арганізатараў канцэрта, паэтка Марыя Баравік:

– Паніка ўзнялася. І я не ведаю, ці насамрэч пачалося ўсё з нейкага ідэалагічнага аддзела, але страх падняўся ў школе. Мне адразу патэлефанавалі і паведамілі, што ўсё адмяняецца. Запыталі, навошта на сайце БНФ змясцілі інфармацыю. Я сказала, што гэта ж інтэрнэт. Гэта для таго, каб ведалі, што едуць. БНФ – гэта дзікі звер. Атрымліваецца, што гэта пудзіла. У нас жа раскол у грамадстве адбыўся, адпаведна ёсць дзяржаўныя і недзяржаўныя сайты. Недзяржаўныя – гэта БНФ.

Што гэта было? Страх, перастрахоўка мясцовых уладаў альбо ўсё ж існуе нейкі чорны спіс “непажаданых” беларускамоўных спевакоў? Альбо гэта ўсё ж  праява невуцтва і абыякавасці да сапраўдных патрэбаў грамадства?

Шукаюць адказы на гэтыя пытанні жыхары Падсвілля і спадзяюцца на тое, што канцэрт групы “Балцкі субстрат”  усё ж калісьці адбудзецца на іх роднай зямлі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com