Архіепіскап Арцемій: Чалавек мусіць ісці насустрач Богу



Дваццаць гадоў таму ўладыку Арцемія прызначылі кіраваць Гарадзенскай і Ваўкавыскай епархіяй.

P1220311

Карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя пагутарыў з архіпастарам праваслаўнай царквы на Гарадзеншчыне.

РР: 20 гадоў таму Вы атрымалі архіерэйскую хіратонію. Да Вашага прыходу,  у  чыім царкоўным падпарадкаванні знаходзілася Гародня?

Архіепіскап Арцемій: У Беларускай Царквы ўнікальны шлях. Мы ведаем, што да 1939 года ва Усходняй Беларусі не было ніводнага адчыненага храма. Каля 10 тыс прадстаўнікоў духавенства было расстраляна. У Заходняй Беларусі было зачынена каля траціны ўсіх храмаў. Але не з-за барацьбы з хрысціянствам, а ў выніку паланізацыі. Пасля вайны ў Беларусі засталася толькі адна епархія. З прыходам уладыкі Філарэта пачала адраджацца нашая царква. У першую чаргу уладыка адрадзіў 10 гістарычных епархій Беларусі.

Калі ў 1996 годзе я сюды прыбыў, усё прыходзілася адраджаць з вялікай цяжкасцю. Тым больш, што ў нас не было досведа архіерэйскага служэння.

РР: У хрысціянскім свеце адчуваецца крызіс у святарскім пакліканні. Як Вы глядзіце на гэта – з песімізмам ці аптымізмам?

 Калі я прыязджаю ў прыход, і мне кажуць – дайце нам добрага святара, то я адказваю, а дзе вашыя дзеці? Колькі вашых дзяцей і ўнукаў закончылі семінарыю? Святара выбірае народ на царкоўнае служэнне. Таму, які народ – такое і святарства. Зараз паўсюдна мы бачым згасанне хрысціянства ў сэрцах людзей. Актыўных вернікаў атрымліваецца дзесьці каля 3%, а пра сутнасць хрысціянства задумваюцца адзінкі! Ёсць вялікі кантынгент, які жыве абрадава, маўляў, гэтая традыцыя добрая, а раптам дапаможа? А пра тое, што кожны з нас мусіць зрабіць, пра гэта і не задумваемся.

Калі не будзе строгасці хрысціянскага жыцця сярод вернікаў, то не будзе яго і сярод святарства. Першая наша настаўніца – маці, і першая наша царква – хатняя царква сям’і. Калі там не сфармаваўся  строгі хрысціянскі лад жыцця, то як яго сфармаваць пасля? Зараз пытанне пастырства – галоўнае.  Якія будуць пастыры, такім будзе і статак. Таму ў нашай епархіі вялікую ўвагу мы надаем нашым святарам, іх адукацыі.

Мы зараз, на жаль, ровень нашага хрысціянскага жыцця мераем колькасцю пабудаваных храмаў, адкрытых манастыроў ці семінарый. А на колькі вернікаў стала больш у гэтым прыходзе? На колькі павялічылася наша царкоўная сям’я? Вельмі важна сёння тым, над кім мы выконваем таемства, добра разумець гэта. Тут няма магіі, няма замоваў святара як жраца, які здымае з цябе псуту, ёсць толькі боская дабрадайнасць, якая ідзе ад Бога і дзейнічае на чалавека. Адзінае, што мусіць зрабіць чалавек – не перашкаджаць боскай ласцы асвячальнай дзейнічаць у сабе. Чалавек мусіць ісці насустрач Богу.

РР: Сярод поспехаў і ўдач Царква Хрыстова мае мноства сацыяльных праблемаў: нізкая нараджальнасць, аборты, хранічныя хваробы, што робіць Царква ў гэтым кірунку?

— Што такое Царква? Царква — гэта сукупнасць веруючых у Хрыста. Гэта не нейкія іншапланетнікі ці чужынцы, — гэта людзі нашай Айчынны і яны хварэюць на хваробы нашага грамадства, а Царква дапамагае ім выбавіцца ад гэтых хваробаў. Калі чалавек становіцца хрысціянінам, мяняецца ягонае жыццё. Гэта складаны працэс пераўтварэння, перамянення чалавека і змены ягонай асабовасці. Калі б мы былі хрысціянамі ў поўным разуменні гэтага слова, дык, магчыма, многія грамадскія праблемы і з’явы засталіся б у мінулым. Некалькі гадоў таму ў нас былі гутаркі падобнага плану ў аблвыканкаме і Епархія паставіла пытанне, давайце правядзем спаборніцтва: у каго вышэйшая нараджальнасць у выканкаме ці ў епархіі. Епархія перамагла з вялікім працэнтным адрывам. Таму, на нашым, клерыкальным, роўні ў нас з дзецьмі няма праблемаў і ў шмат якіх з хрысціянскіх сем’яў — многа дзетак. Я нават заўважаю, што з’явілася і такая традыцыя, калі хрысціянскія сем’і пачалі браць дзяцей і з дзіцячых дамоў. 

РР: Тут праблемы яшчэ і ў бацькоўскай адказнасці.

—  Так. Я заўсёды кажу: не бяры на сябе таго, чаго не зможаш панесці. Адна справа марыць пра нешта, а іншая — ажыццявіць гэта. Кожны з нас планы будуе цудоўныя, а што з гэтага здзяйсняецца? Дай Бог, каб горш не было, а не тое, каб споўнілася ўсё, што мы напланавалі ў лепшы бок. Усё робіцца паступова і Валадарства Божае дасягаецца толькі працай.

РР: Падзеі ў Заходняй Еўропе, ва Усходняй Украіне, магчыма даюць нам падставы, каб пераасэнсаваць, што хрысціянства не разнастайнае, але ўнікальнае. Што б Вы сказалі наконт гэтых агульнахрысціянскіх праблемаў, перад якімі сёння стаіць і Беларусь, і Еўропа, і ўвесь хрысціянскі свет?

— Мы жывем у такі гістарычны момант, калі хрысціянства спрабуюць вывесці з сусветнай арэны. Тая ж еўрапейская канстытуцыя: яна намагаецца адкінуць у бок усе хрысціянскія каштоўнасці. Атэізм, як на Усходзе, так і на Захадзе, не пакідае сваёй актыўнай дзейнасці, хоць сёння ён магчыма выступае пад іншымі лозунгамі і формамі, але супрацьстаянне працягваецца ў нашым сучасным жыцці. Гэтыя ваенныя падзеі — вынік нашых палітычных павеваў. Нават сам падзел Цэркваў на Усходнюю і Заходнюю і многія іншыя моманты, якія адбываюцца, яны больш маюць свецкае паходжанне, чым царкоўнае. Калі чалавек верыць у Хрыста, у яго іншы падыход да жыцця, чым калі рэлігія выкарыстоўваецца проста як ідэалогія, і ў гэтым памылка сённяшняга грамадства, якое намагаецца Царкву прадставіць, як нейкую ідэалагічную дактрыну сённяшняга часу ці нейкі палітычны павеў. А Царква — гэта Царква, у яе няма зямных канцэпцыяў. Яна Царква Бога жывога, яна нябесная Царква. Царкву ў найбольш грубым параўнанні, але можна параўнаць з лекарам: для яго не важанае ваша палітычнае крэда, не важная ваша нацыянальнасць, ці ідэалагічная платформа, для яго важна ваша асабовасць ваша жыццё, за якія ён нясе адказнасць і якія ён ратуе. А святар яшчэ больш, бо апроч вашага жыцця, вашага цялеснага і духоўнага здароўя, ён ратуе вас для вечнасці. Таму Царква адкрытая для ўсіх, а той, хто выкарыстоўвае яе ў палітычных мэтах, робіць грэх, наступствы якога мы бачым у нашым сённяшнім рэальным жыцці: і ва Украіне і на Захадзе і ў іншых месцах, калі сапраўды за ўсё прыходзіцца плаціць кроўю. Мы ўжо перажылі ў нашай гісторыі перыяд ускладнення гэтых вось «хваробаў» і дай Бог, каб яны ніколі больш у нас не паўтарыліся. Сёння мы павінны надзвычай уважліва асэнсаваць нашу гісторыю, асабліва мінулыя падзеі нашага жыцця, гісторыю нашай Царквы, яе свецкага існавання і ўнутраныя падзеі, і зрабіць высновы з усіх гэтых гістарычных момантаў. І вельмі асцярожна сёння, з лозунгам «не нашкодзь», займацца аднаўленнем Царквы як Божага Валадарства на зямлі. Асноўная задача Царквы — ліквідацыя маральных праблемаў у чалавечым грамадстве. Калі ў нас не будзе маральных пачвараў тады і палітычныя і ідэалагічныя моманты будуць мяняцца. Серафім Сароўскі выдатна казаў: «Ты стяжай дух мирен и вокруг тебя спасутся тысячи». І сёння Царква заклікае да гэтага збаўлення ў асабістым плане, у асабістай сумленнасці быць хрысціянінам, а не двухдушным прыстасаванцам і адэкватна, хрысціянам усяго свету, адказаць на выклікі сённяшняга дня.

РР: Ці ёсць у нас: праваслаўных і каталікоў, шанец знайсці адзінства ў Хрысце?

— Мне вельмі падабаецца параўнанне аўтара адной кнігі, якога я не памятаю дакладна, дзе ён гаворыць, што ў Салаўках не было міжканфесійных пытанняў. Калі каталікі, праваслаўныя і пратэстанты трапілі ў зону, у лагер і ўжо не было чаго дзяліць, дык і міжканфесійнай варожасці ня стала. Ва Уладзіміра Салаўёва, здаецца, таксама ёсць нейкае прадказанне, што з прыходам антыхрыста заціхнуць нашы канфесійныя праблемы. Безумоўна, кожны чалавек — вобраз жывога Бога і нельга на яго вешаць ярлыкі. Хто першым збавіўся ў Евангеллі? — Разбойнік. Жах. Гэта незразумела для чалавечай логікі: прышэсце Хрыста, Ян Хрысціцель, Апосталы, а першым збаўляецца крымінальнік — вось гэта хрысціянства. І зачыняць перад кімсьці дзверы па палітычных, ідэалагічных, нацыянальных гледзішчах — грэх. Мы не маем права зачыняць Божага Валадарства, мы ўвогуле не ведам, хто з нас збавіцца — усё ў руках Божых. Я веру, што Госпад не абміне сваёй любоўю аніводнага чалавека на зямлі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя