Пра Польшчу — толькі добрае!



Міністэрства юстыцыі Польшчы хоча прыцягваць да крымінальнай адказнасці людзей, мэдыя і ўстановы адказных за зняважлівыя выказванні пра Польшчу. Абарону гонару і годнасці краіны Міністэрства прапануе таксама замацаваць у абноўленай Канстытуцыі.

Міністэрства ўжо падрыхтавала законапраект згодна з якім можна будзе ўзбуджаць крымінальныя і адміністрацыйныя справы за выказванне кшталту «польскі лагер». Тут маюцца на ўвазе канцэнтрацыйныя лагеры і лагеры смерці часоў Другой сусветнай вайны. За «публічнае, нязгоднае з праўдай прыпісванне Польшчы ўдзелу, арганізацыі альбо суадказнасці за залачынствы Трэцяга Рэйху пагражала б пакаранне да 5 гадоў турмы. За ненаумыснае пашырэнне такіх тэкстаў пагражаў бы штраф альбо абмежаванне свабоды. «Хопіць рабіць з Польшчы віноўнікаў Халакосту», — заявіў віцэ-міністр юстыцыі Патрык Які. Паводле ягоных слоў «дзяржава абавязана рупіцца пра добрую рэпутацыю краіны за мяжой» …

Зменіцца таксама і адміністрацыйны кодэкс. Узбуджаць справы за знявагу Польшчы і палякаў змогуць: Інстытут Нацыянальнай Памяці” і няўрадавыя арганізацыі. Гэта дазволіла б патрабаваць высокай кампенсацыі за ўжыванне зняважлівых фармулёвак пра Польшчу за мяжою, —сказаў віцэ-міністр юстыцыі.

Абарона добрага імя краіны і народа —справа, ў прынцыпе, слушная. Супраць праваў антысемітызму здаўна, эфектыўна і паслядоўна выступае Ізраіль і габрэйскія арганізацыі ва ўсім свеце. У некаторых краінах, у прыватнасці ў Нямеччыне,  аспрэчванне наяўнасці нацыскіх лагераў падлягае пакаранню. Аднак згаданы закон будзе вельмі цяжка ажыццявіць на практыцы. Фармулёўку “польскія лагеры”агучыў сам прэзідэнт ЗША Барак Абама. Фраза “Польскія лагеры смерці” не азначае, што гэтыя лагеры заснавалі палякі, але паказвае іх геаграфічнае месцазнаходжанне,”— заявіла ў 2013 годзе Варшаўская пракуратура. Яна адмовілася ўсчынаць следства ў справе “публічнай знявагі польскага народу”. Расходзілася пра артыкул у нямецкім выданні „Rheinische Post”. Пракуратура заявіла, што ў такіх выпадках патрабаваць тлумачэнні павінна польскае Міністэрства замежных справаў. Дагэтуль польскія суды адмаўляліся разглядаць скаргі індывідуальных асоб на абразу іх гонару і годнасці. Суды падкрэслівалі, што фармулёўка “польскія лагеры смерці” не абражае канкрэтнага Новака ці Кавальскага, бо яна тычыцца “неакрэсленай групы адрасатаў”. “Сама прыналежнасць да гэтай групы не з’яўляецца падставай для ўзбуджэння справы за абразу ці паклёп.

Дарэчы, з падобнай заканадаўчай ініцыятывай партыя “ Права і  Справядлівасць” выступіла будучы яшчэ ў апазіцыі ўжо тры гады таму. Аднак тады кіруючая “Грамадзянская Платформа” адкінула яе на той падставе, што пакаранню падлягала б любое выказванне журналіста, навукоўца альбо палітыка без уліку кантэксту ў якім гэта было сказанае. Няўжо прэзідэнт ЗША ня ведае, што лагеры смерці стваралі гітлераўскія немцы? Аднак самыя лагеры знаходзіліся на тэрыторыі, хай сабе акупаванай, але Польшчы, а не Францыі, ці Аўстраліі, таму і тая фармулёўка “польскія лагеры” часткова правільная, хаця і недакладная.

Думаю, што законапраект тоіць у сабе яшчэ адну небяспеку. Ён ім можна злоўжываць і выкарыстоўваць супраць любых, непрыемных, але праўдзівых фактаў звязаных з Польшчай і палякамі. На яго падставе страх будзе гаварыць пра падзеі такія як у Ядвабным, альбо пра пагром у Кельцах. “Антыпольскімі” могуць быць палічаныя размовы пра дзеянні часткі “акоўцаў” супраць праваслаўных беларусаў на Падляшшы, хоць гэта праўда. Няўжо не было ў гісторыі Польшчы цёмных плямаў, заганных, сарамлівых і вартых асуджэння дзеянняў? Аднак, гаварыць пра іх будзе непатрыятычна, і нават рызыкоўна. Вось таму я ўспрымаю гэты законапраект з мяшанымі пачуццямі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ