Берасцейскія ІП правялі сход



Чарговы сход прадпрымальнікаў на рынку ЦУМ прайшоў у Берасці. На ім сабралася амаль сотня прадстаўнікоў малога бізнесу з шэрагу гандлёвых кропак горада. Асноўныя пытанні да разгляду – афіцыйная забарона мітынгу на 19 лютага ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і апошняе паседжанне працоўнай групы. Прадпрымальнікі распавялі пра тое, з якімі думкамі прыйшлі на сход і чаго чакаюць ад дзяржавы і іншых грамадзян:

– Паўтара месяца без працы. Першы крок насустрач дармаедству зроблены. Ну, а далей усё ад цара залежыць. У гэтай краіне нават карова не ацеліцца без яго дазволу.

– Не працую, пакуль у часовым адпачынку. Усё складана, нічога не магу каментаваць.

– Самі бачыце, у якім стане людзі. Сядзім без працы, дома дзеці, сем’і – іх карміць трэба. А працоўная група стараецца за ўсіх.

Па выніках сходу прадпрымальнікі вырашылі цягам тыдня падрыхтаваць новую заяўку для правядзення масавага мерапрыемства, паколькі папярэдняе апынулася пад забаронай, а таксама працягнуць удзел у паседжаннях працоўнай групы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце