ЕЗ асудзіў чарговы смяротны прыгавор, вынесены ў Беларусі
Еўразвяз асудзіў чарговы смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі 15 лютага, і зноў заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
У заяве, апублікаванай на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, адзначаецца, што смяротны прысуд вынесены Менскім абласным судом Сяргею Хмялеўскаму, асуджанаму за ўчыненне цяжкага злачынства. ЕЗ выказвае „самыя глыбокія спачуванні” родным і блізкім ахвяраў, але пры гэтым нагадвае, што асуджаны мае законнае права на абскарджанне прыгавору, і гэта права павінна быць цалкам гарантавана.
„ЕЗ выступае супраць прымянення смяротнай кары, жорсткага пакарання, якое не ў стане дзейнічаць як стрымальны фактар, – падкрэсліваецца ў заяве. – Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротная кара, далучыцца да глабальнага мараторыя ў якасці першага кроку да яе адмены”.
„Замена смяротных прысудаў на іншыя пакаранні і пачатак грамадскай дыскусіі пра смяротнае пакаранне з беларускім грамадствам былі б важным крокам у гэтым напрамку”, – адзначае ЕЗ.
Як паведамлялася раней, 31-гадовы ўраджэнец вёскі Мачулішчы Менскага раёна першапачаткова быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек з асаблівай жорсткасцю. Аднак пракуратура апратэставала гэты прысуд, і ў выніку Менскі абласны суд прыгаварыў Хмялеўскага да смяротнага пакарання.
Гэта ўжо другі з пачатку 2016 года смяротны прысуд у Беларусі. Характэрна, што ён быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўразвязам большасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі. У рашэнні Савета ЕЗ аб зняцці санкцый асобным радком гаварылася пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яе поўнай адмены.
Беларусь – адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротнае пакаранне. Па гэтай прычыне Беларусь таксама застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, і толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам.